Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: выйсці за межы матэрыялістычнага бачання жыцця

28 мая 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў агульнанацыянальнай сустрэчы членаў італьянскага аддзялення каталіцкага руху Cursillos di Cristianità (Кароткі курс хрысціянства).

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа нагадаў сваім гасцям, што іх сустрэча не носіць арганізацыйнага характару і не з’яўляецца пэўнага роду сходам “рады дырэктараў” прадпрыемства, але сустрэчай братоў, якая паклікана дапамагчы “выйсці за межы выключна гарызантальнага, зямнога і матэрыялістычнага бачання жыцця, каб зноў адкрыць для сябе новы позірк, які Езус Хрыстус дае ўсім нам: позірк на саміх сябе, на свет і на сэнс існавання”.

Пантыфік папярэдзіў, што вельмі лёгка згубіць позірк веры і прыстасавацца да “ментальнасці свету, якая гасіць усялякі запал і ўсялякае жаданне заставацца вернымі Пану і несці Яго іншым”. Святы Айцец заклікаў членаў руху быць глыбока з’яднанымі паміж сабой і з Касцёлам, “ніколі не ізалявацца і ніколі не закрывацца ў сябе”, быць зануранымі ў касцёльную і сацыяльную сітуацыю тых месцаў, дзе яны прысутнічаюць.

Францішак пажадаў, каб рух спрыяў фармацыі супольнасцей місійных вучняў, якія ідуць насустрач тым, хто знаходзіцца далёка, гатовыя адмовіцца ад прынцыпу “заўсёды рабілася так” і сведчыць пра любоў Бога да кожнага чалавека, устанаўліваючы сяброўскія і блізкія сувязі з людзьмі, якіх сустракаюць, у тым ліку з абыякавымі ці нават варожымі да веры.

Рух Cursillos di Cristianità быў заснаваны ў 1944 годзе на іспанскім востраве Маёрка групай свецкіх вернікаў. Ён носіць евангелізацыйны характар і садзейнічае падрыхтоўцы хрысціянскіх лідараў праз адмысловыя рэкалекцыі, якія ўключаюць у сябе лекцыі, малітву, сведчанні. Прадугледжваецца, што атрыманымі ведамі і досведам удзельнікі такіх духоўных практыкаванняў будуць дзяліцца з іншымі людзьмі.
 

28 мая 2022, 12:26