Святы Айцец: Бог не выракаецца нікога са сваіх дзяцей
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Ксёндз Джэймс Марцін даслаў ліст Францішку 5 мая 2022 года. Ён пытаўся, ці не змог бы Папа адказаць на некалькі пытанняў, якія яму часта задаюць католікі, што адносяць сябе да гэтай супольнасці. Праз некалькі дзён езуіт атрымаў адказ Святога Айца, які затым быў апублікаваны ў форме міні-інтэрв’ю за сайце, створаным святаром.
На пытанне пра тое, "што самае важнае павінны ведаць пра Бога асобы ЛГБТ?", Францішак адказаў: “Што Бог – гэта Айцец, які не выракаецца нікога са сваіх дзяцей і што “стыль” Бога – гэта “блізкасць, міласэрнасць і ласкавасць”. На гэтым шляху знойдзеце Бога”.
У сваю чаргу, адказваючы на пытанне: “Што б Вы хацелі, каб асобы ЛГБТ ведалі пра Касцёл?”, Папа напісаў, што “хацеў бы, каб яны прачыталі кнігу Дзеяў Апосталаў. Там знойдуць вобраз жывога Касцёла”.
Апошняе пытанне гучала так: “Што б Вы сказалі католіку ЛГБТ, які спазнаў адчужэнне з боку Касцёла?”. Святы Айцец адзначыў: “Я б хацеў, каб яго прызнавалі не як “адкіды Касцёла”, але як “асобу ў Касцёле”. Касцёл з’яўляецца Маці, ён кліча і збірае ўсіх сваіх дзяцей. Возьмем, напрыклад, прыпавесць пра запрошаных на вяселле: “справядлівых, грэшнікаў, багатых і бедных і г.д” (Мц 22,1-15; Лк 14,15-24). Касцёл, які з’яўляецца “селектыўным”, “чыстакроўным”, не з’яўляецца Святой Маці Касцёлам, але, хутчэй, сектай”.
У чэрвені 2021 года Францішак таксама напісаў ліст да ксяндза Джэймса Марціна, у якім зазначыў, што Бог “з любоўю набліжаецца да кожнага свайго дзіця, да ўсіх і да кожнага з іх. Яго сэрца адкрытае для ўсіх і кожнага. Ён – Айцец”.