Пошук

Аўдыенцыя для новых рэкрутаў Швейцарскай гвардыі Аўдыенцыя для новых рэкрутаў Швейцарскай гвардыі 

Францішак да новых рэкрутаў: служыце як хрысціяне і браты

Напярэдадні ўрачыстай прысягі рэкрутаў Швейцарскай гвардыі Папа прыняў навабранцаў і членаў іх сем’яў на прыватнай аўдыенцыі. Яна прайшла 6 мая 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак заўважыў, што гісторыя месцаў, дзе будуць несці служэнне гвардзейцы, “пазначана гераічнай самаахвярнасцю шматлікіх служачых Апостальскай Сталіцы, сярод якіх было нямала швейцарцаў”: на працягу стагоддзяў некаторыя з іх нават пралілі сваю кроў, “каб абараніць Папу і дазволіць яму выконваць сваю місію ў поўнай незалежнасці”.

Святы Айцец заўважыў, што перад рэкрутамі стаіць “выключнае касцёльнае заданне”, якое трэба выконваць як сведчанне хрысціянскай веры і адзінства ў гадзіны службы і адпачынку.

“Перажываць службу ў духу супольнасці – гэта таксама выклік, бо гаворка ідзе пра аб’яднанне людзей з рознымі характарамі, тэмпераментамі і адчувальнасцю, які павінны прайсці частку шляху разам. Тым не менш, ідэал служэння Касцёлу ў асобе Наступніка святога Пятра, з’яўляецца сілай, якая падбадзёрваў і дапамагае пераадольваць непазбежныя моманты цяжкасцей”, - дадаў ён.

Папа заахвоціў гвардзейцаў сур’ёзна адносіцца да момантаў фармацыі і выкарыстаць час прабывання ў Рыме для асабістага развіцця з хрысціянскага пункту гледжання. “Я маю на ўвазе духоўнае жыццё, якое дазволіць адкрыць Божую задуму адносна кожнага з вас. У той жа час, заклікаю вас мацаваць узаемныя адносіны, як у выкананні абавязкаў, даручаных вам, так і ў вольны час, каб мелі стыль братоў, якія называюць сябе хрысціянамі. Шчыры і братэрскі дыялог часам можа быць складаным і патрабаваць высілкаў, але ён важны для развіцця сталых асоб”, - заўважыў Святы Айцец.
 

06 мая 2022, 12:40