Францішак: маліцца аб пакліканнях, за маці і ахвяр выбуху на Кубе
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Святы Айцец заўважыў, што 7 мая 2022 года ў Перу адбылася беатыфікацыя сястры Марыі Агасціны Рывас Лопэс з кангрэгацыі Маці Божай Любові Добрага Пастыра, якая была забіта з нянавісці да веры ў 1990 годзе.
“Гэта гераічная місіянерка, нават ведаючы, што рызыкавала жыццём, заставалася побач з беднымі, у прыватнасці побач з сельскімі жанчынамі з карэннага насельніцтва, даючы сведчанне Евангелля справядлівасці і міру. Няхай яе прыклад абудзіць ва ўсіх нас жаданне служыць Хрысту з вернасцю і адвагай”, - пажадаў Папа.
Францішак нагадаў таксама пра Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, які адзначаецца ў Касцёле і падчас якога хрысціянскія супольнасці на ўсіх кантынентах просяць Пана аб дары пакліканняў да святарства, кансэкраванага жыцця, місіянерскага выбару і сужэнства. “Гэта дзень, калі мы ўсе, як ахрышчаныя, адчуваем сябе пакліканымі пайсці за Езусам, сказаць Яму “так”, наследаваць Яго, каб адкрыць радасць прысвячэння жыцця, служэння Евангеллю з радасцю і энтузіязмам”, - сказаў Папа.
Пантыфік заклікаў вернікаў маліцца “за ахвяр выбуху, які адбыўся ў вялікім гатэлі ў сталіцы Кубы, Гаване”. “Няхай Уваскрослы Хрыстус прывядзе іх да дому Айца, а іх сем’ям прынясе суцяшэнне”, - дадаў ён.
Папа заўважыў, што 8 мая 2022 года ў многіх краінах свету адзначаецца Дзень маці. “З ласкавасцю ўспомнім нашых маці, таксама тых, якіх ужо няма з намі тут, на зямлі, але якія жывуць у нашых сэрцах. Молімся за ўсіх маці, адорым іх любоўю і найлепшымі пажаданнямі”, - заклікаў Святы Айцец.