Пошук

Падчас аўдыенцыі для кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі каталіцкіх фармацэўтаў Падчас аўдыенцыі для кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі каталіцкіх фармацэўтаў 

Папа: фармацэўты – мост паміж людзьмі і сістэмай аховы здароўя

Фармацэўты могуць дапамагчы чалавецтву раскрыць падман ілжывага дабрабыту і навучыць сапраўднаму “добраму жыццю”, якое не з'яўляецца прывілеяй толькі некаторых, - лічыць Францішак.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа прыняў 2 мая 2022 года ў Ватыкане кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі каталіцкіх фармацэўтаў. Ён падзякаваў прадстаўнікам гэтай прафесіі за іх стаўленне і працу падчас пандэміі COVID-19. Менавіта ў іх людзі, часта разгубленыя, знаходзілі дапамогу, параду, інфармацыю.

“Думаю, што гэта крызісная сітуацыя таксама справакавала ў вашым прафесійным асяроддзі неабходнасць “памірацца”, падтрымліваць адно аднаго. І гэта павінна стаць стымулам да яднання”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак указаў на сацыяльную ролю фармацэўтаў – “яны як “мост” паміж грамадзянамі і сістэмай аховы здароўя”. Пандэмія паказала забюракратызаванасць сістэмы, многія працэдуры былі запаволены і паралізаваны. А гэта пацягнула за сабой большыя нязручнасці і пакуты і, на жаль, далейшую шкоду здароўю тых, хто хворы.

“У гэтым кантэксце фармацэўты прапануюць двайны ўклад у агульнае дабро: палягчаюць нагрузку на сістэму аховы здароўя і здымаюць сацыяльную напружанасць. Безумоўна, гэтую ролю трэба выконваць з вялікай абачлівасцю і прафесійнай сур’ёзнасцю, але для людзей вельмі важны аспект блізкасці, парады, сямейнасці, характэрнай для “чалавечай” сферы аховы здароўя”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Яшчэ адзін сацыяльны і культурны аспект гэтай прафесіі, на які звярнуў увагу Папа, – “гэта ўклад, які могуць унесці фармацэўты ў пераход да інтэгральнай экалогіі”. Тут ён адзначыў важнасць здаровага харчавання як часткі ладу жыцця, паважлівага да асяроддзя, у якое чалавека змясціў Бог.

“У гэтым вы можаце натхніцца тысячагадовай традыцыяй, якая тут, у Еўропе, узыходзіць да старажытных манастырскіх аптэк. І сёння, дзякуй Богу, гэтыя карані могуць быць узбагачаны ведамі і практыкамі іншых культур, такіх як культуры Усходу і карэнных народаў Амерыкі. Я б сказаў, што вы, фармацэўты, можаце дапамагчы нам раскрыць падман ілжывага дабрабыту і навучыць нас сапраўднаму “добраму жыццю”, якое не з'яўляецца прывілеяй некалькіх, але даступна кожнаму”, - звярнуў увагу Пантыфік.

Францішак пажадаў сваім гасцям поспехаў у працы і развіцці асацыяцыі.
 

02 мая 2022, 14:02