Пошук

Папа: мудрасць пажылых бароніць ад цынічнага бачання свету

Пажылыя людзі пакліканы быць адданымі справядлівасці і супрацьстаяць цынічнаму бачанню свету, - заўважыў Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі, якая 25 мая 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны старасці, Папа прапанаваў паразважаць над Кнігай Эклезіяста, на старонках якой часта паўтараюцца словы: “Усё марнасць”. Можа скласціся ўражанне, што яны “падрываюць сэнс існавання”, але, “насамрэч, гэтае пастаяннае ваганне Эклезіяста паміж сэнсам і бессэнсоўнасцю з’яўляецца іранічным прадстаўленнем такога ведання жыцця, якое аддаляецца ад любові да справядлівасці”, гарантам якой з’яўляецца сам Бог, - заўважыў Пантыфік.

На думку Папы, часам рэчаіснасць, якую бачым перад сабой, можа прывесці да высновы, што для ўсіх падрыхтаваны аднолькавы лёс, таму “знікнуць у пустаце, паўстаць на шлях абыякавасці”, можа нам здавацца “адзіным сродкам ад балючага расчаравання”. “У нас узнікаюць пытанні, падобныя гэтым: Хіба змогуць нашы высілкі змяніць свет? Ці сапраўды мае значэнне розніца паміж справядлівасць і несправядлівасцю? Здаецца, што ўсё бессэнсоўна: навошта тады прыкладаць намаганні?”, - зазначыў Францішак.

Папа падкрэсліў, што такая “негатыўная інтуіцыя” можа праявіцца ў любым узросце, але ў старасці сустрэча з такім расчараваннем “амаль непазбежная”. “Таму, устойлівасць старасці перад абліччам дэмаралізуючых наступстваў такога роду расчаравання з’яўляецца вельмі важнай: калі людзі пажылога ўзросту, якія ўжо бачылі ўсё, захаваюць непарушнай сваю адданасць справядлівасці, тады будзе надзея на любоў, а таксама не веру”, - перакананы Святы Айцец. Ён адзначыў, што для сучаснага свету пераход праз гэты “збаўчы крызіс” мае ключавое значэнне, бо культура, якая імкнецца ўсё вымерыць і ўсім маніпуляваць, “вядзе да калектыўнай згубы веры ў сэнс, любоў і дабро”. На думку Папы, сучасны пошук праўды паддаўся спакусе поўнай абыякавасці да справядлівасці.

Святы Айцец перакананы, што з’яўленне такога новага цынічнага рацыяналізму, якому ўласціва “пазнанне з безадказнасцю”, мае вельмі сур’ёзныя наступствы для сучаснай культуры. “Веды, якія вызваляюць нас ад маральнасці, спачатку здаюцца крыніцай свабоды, энергіі, але хутка ператвараюцца ў параліч душы”, - сцвердзіў ён.

“Эклезіяст сваёй іроніяй зрывае маску з гэтай фатальнай спакусы ўсемагутнасці ведаў, гэтай “маніі ўсёведання”, якая прыводзіць да бяссілля волі, - сказаў Францішак, адзначаючы, што ў старажытнасці манахі дакладна распазналі гэту “хваробу душы, якая раптоўна адкрывае для сябе марнасць пазнання, пазбаўленага веры і маралі, ілюзорнасць праўды без справядлівасці”. Гаворка ідзе пра смутак, выкліканы “капітуляцыяй перад мірскімі ведамі без любові да справядлівасці”.

Пантыфік патлумачыў, што сэнсавая пустата, створаная пазнаннем, якое адкідвае якую-кольвечы этыку і прывязанасць да рэальнага дабра, з’яўляецца небяспечнай. Яна не толькі “адбірае сілы ў жадання дабра”, але таксама “адкрывае дзверы для агрэсіўнасці сіл зла”. Гаворка ідзе пра “сілы звар’яцела розуму, які стаў цынічным ад празмернай ідэалогіі”.

“Пры ўсім нашым прагрэсе і росквіце мы па-сапраўднаму сталі “грамадствам стомленасці”. Мы павінны былі забяспечыць усеагульны росквіт, але талеруем навукова селектыўны рынак здароўя. Мы павінны былі акрэсліць непарушныя межы міру, але бачым войны, усё больш бязлітасныя да безабаронных людзей. Навука, без сумневаў, ідзе наперад і з’яўляецца дабром. Але жыццёвая мудрасць гэта нешта цалкам іншае і здаецца, што яна перажывае стагнацыю ”, - з жалем канстатаваў Пантыфік, звяртаючы ўвагу на тое, што розум, якому не ўласцівы адчувальнасць і адказнасць, “пазбаўляе сэнсу і энергіі пазнанне праўды”. Таму, не дзіўна, што наша эпоха, гэта “эпоха fake news, калектыўных забабонаў і псеўда-навуковых праўдаў”.

“Пажылыя людзі могуць навучыцца ад іранічнай мудрасці Эклезіяста мастацтву выкрыцця падману, які хаваецца ў маніі праўды розуму, пазбаўленага любові да справядлівасці. Багатыя мудрасцю і пачуццём гумары пажылыя людзі прыносяць вялікую карысць моладзі: ратуюць яе ад сумнага і пазбаўленага жыццёвай мудрасці пазнання свету”, - завяршыў катэхезу Францішак.
 

25 мая 2022, 11:26

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >