Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: старасць – не хвароба, а благаслаўленне

Бабулі і дзядулі – рамеснікі рэвалюцыі пяшчотнасці, якая вызваліць свет ад вайны, - падкрэсліў Папа ў пасланні на ІІ Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей, які будзе адзначацца 24 ліпеня 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак заўважыў, што свет перажывае час выпрабаванняў, будучы пазначаным пандэміяй і вайной, “якая раніць мір і развіццё на глабальным узроўні”. У той жа час, ён заклікаў не забываць пра іншыя “эпідэміі” і “распаўсюджаныя формы насілля, якія пагражаюць чалавечай сям’і і нашаму супольнаму дому”.

Сярод такіх форм насілля Папа ўзгадаў пра занядбанне пажылых людзей і спісанне іх ва ўтыль, з думкай пра тое, што яны больш не змогуць “прынесці плён”. У сувязі з гэтым Пантыфік адзначыў актуальнасць тэмы сёлетняга Сусветнага дня: “Нават у старасці яны будуць пладавітыя” (Пс 92,15). Гэта словы, якія супярэчаць агульнапрынятай у свеце думцы пра пажылых і нават меркаванням многіх старых людзей, якія “ідуць наперад амаль без надзеі і не чакаюць больш нічога ад будучыні”.

Благаслаўлёная старасць

Францішак заўважыў, што старасць палохае многіх людзей, бо разумеецца як хвароба. Гэта прыводзіць да пазбягання ўсякага роду кантактаў з пажылымі, а часта і перадачы іх пад апеку адпаведных структур, што, на думку Папы, з’яўляецца выразам прыняцця “культуры адчужэння”, якая стварае падзел паміж “намі” і “імі”.

“Але, насамрэч, доўгае жыццё – гэта благаслаўленне”, - падкрэсліў Пантыфік, называючы пажылых людзей “жывымі знакамі добразычлівасці Бога, які шчодра адорвае жыццём”. “Благаслаўлёны дом, які ахоўвае пажылога! Благаслаўлёная сям’я, якая шануе сваіх бабуль і дзядуль!”, - сцвердзіў Святы Айцец, запэўніваючы таксама ў тым, што “старэнне – гэта не прысуд, а благаслаўленне”.

Духоўна актыўная старасць

Францішак пажадаў, каб старасць для пажылых людзей была актыўнай з духоўнага пункту гледжання, што патрабуе ад іх стараннага чытання Божага слова, штодзённай малітвы, прыняцця сакрамэнтаў і ўдзелу ў літургіі, умацавання адносін з Богам і іншымі людзьмі, любоў да бліжніх, а таксама да бедных і пакутуючых.

“Усё гэта дапаможа нам не адчуваць сябе выключна гледачамі ў тэатры свету, не абмяжоўвацца назіраннем з балкону, прабываннем ля акна. Абвастраючы нашы пачуцці ў распазнанні прысутнасці Пана, мы станем як “зялёная аліўка ў доме Божым”, зможам стаць благаслаўленне для тых, хто жыве побач з намі”, - запэўніў Папа.

Бяззбройная рэвалюцыя

Пантыфік перакананы, што пажылыя людзі пакліканы да выканання высокай місіі: зрабіць важны ўклад у рэвалюцыю пяшчотнасці, “рэвалюцыю духоўную і бяззбройную”, павінны стаць яе “рамеснікамі”, праз малітву суправаджаючы людзей, якія пакутуюць, спрыяючы перамене сэрцаў, іх разваяўнічанню, дапамагаючы кожнаму чалавеку ўбачыць у іншым братам. Трэба стаць “паэтамі малітвы”, падтрымліваючы “грамадства, якое працуе і вядзе барацьбу на полі жыцця”, - лічыў ён.

“Мы, бабулі, дзядулі і пажылыя людзі, маем вялікую адказнасць: навучыць людзей нашага часу глядзець на іншых такім жа позіркам разумення і ласкавасці, якім глядзім на нашых унукаў”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы пажылых людзей станавіцца “настаўнікамі жыцця, мірнага і ўважлівага да самых слабых”.

Ахоўваць дзяцей у пакутах і сведчыць пра важнасць адзінства

“Адзін з плёнаў, які мы павінны прынесці – гэта захаванне свету. Давайце будзем захоўваць у нашых сэрцах – як рабіў святы Юзаф, ласкавы і клапатлівы бацька – дзяцей Украіны, Афганістана, Паўднёвага Судана...”, - заахвоціў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што “ніхто не збавіцца ў адзіночку”, а “шчасце – гэта хлеб, які спажываецца разам”, таму пажылыя людзі пакліканы сведчаць пра гэта перад людзьмі, якія памылкова лічаць, што будуць мець поспех, супрацьпастаўляючы сябе іншым. “Усе, нават самыя слабыя, могуць рабіць гэта: дазваляючы клапаціцца пра нас саміх – часта людзям, што паходзяць з іншых краін – мы сцвярджаем, што жыць разам не толькі магчыма, але і неабходна”, - напісаў Папа.

Адведваць пажылых

Папа заклікаў парафіі і супольнасці адведаць пажылых людзей у Сусветны дзень, прысвечаны ім, бо праз сустрэчу можа нарадзіцца сяброўства. “Давайце зробім так, каб ніхто не застаўся ў гэты дзень у адзіноце. Наведванне самотнай пажылой асобы – гэта ўчынак міласэрнасці нашага часу”, - зазначыў Францішак.

“Папросім Багародзіцу, Маці ласкавасці, зрабіць усіх нас рамеснікамі рэвалюцыі ласкавасці, каб разам вызваліць свет ад ценю самотнасці і дэмана вайны”, - пажадаў на заканчэнне свайго паслання Святы Айцец.

10 мая 2022, 12:17