Пошук

Папа: пажылыя могуць навучыць моладзь паслядоўнасці ў веры

Пра важнасць паслядоўнага сведчання веры, якое даюць пажылыя людзі, нагадаў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 4 мая 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік прысвяціў катэхезу прыкладу біблійнага старца Элеязара, які “дае нам сведчанне асаблівых адносін, якія існуюць паміж старэчай вернасцю і шанаваннем веры”. “Я хацеў бы паразмаўляць менавіта пра шанаванне веры, не толькі пра паслядоўнасць, абвяшчэнне і супраціў ёй. Шанаванне веры перыядычна падвяргаецца ціску, нават жорсткаму, з боку пануючай культуры, якая намагаецца прынізіць яе, разглядаючы як археалагічную знаходку, старажытны забабон, анахранічную ўпартасць”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў біблійную гісторыю пра тое, як юдэяў пад страхам смерці прымушалі выракацца веры і спажываць мяса, прынесенае ў ахвяру ідалам. Элеязару параілі толькі зрабіць выгляд, што ён есць гэта мяса, каб такім “малым, нязначным жэстам”, уратаваць сябе жыццё. Але ён адмовіўся, падкрэсліваючы важнасць сведчання веры, якое перадаецца наступным пакаленням.

“Старац, які паслядоўна жыў сваёй верай на працягу ўсяго жыцця, а цяпер зрабіў бы выгляд, што выракся яе, асудзіў бы новае пакаленне на думку, што ўся яго вера была толькі фікцыяй, вонкавай абгорткай, ад якой можна адмовіцца, мяркуючы, што веру магчыма захаваць і ўнутры. Элеязар кажа: гэта не так. Такія паводзіны не робяць гонару веры, нават перад Богам. І наступства гэтай знешняй баналізацыі будзе разбуральным для духоўнага свету моладзі”, - папярэдзіў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што ў гэтым біблійным урыўку “менавіта старасць паказваецца як вырашальная і незаменная прастора для сведчання”. “Старык, які б з-за сваёй слабасці пагадзіўся, што практыкаванне веры з’яўляецца нечым нязначным, прымусіў бы маладых людзей лічыць быццам вера не мае рэальнай сувязі з жыццём. Вера – ад самага пачатку – уяўлялася б імі як збор мадэляў паводзінаў, якія, пры неабходнасці, можна сімуляваць ці хаваць, бо ніводная з іх не з’яўляецца важнай для жыцця”, - дадаў Папа.

Пантыфік нагадаў пра старажытную гнастычную ерась, згодна з якой вера тычыцца духоўнасці, а не практыкі; сілы розуму, а не формы жыцця. “Паводле гэтай ерасі, вернасць і шанаванне веры, не маюць нічога супольнага з жыццёвымі паводзінамі, з грамадскімі ўстановамі і сімвалічнымі жэстамі. Спакуса такой перспектывы дагэтуль моцная, бо яна па-свойму тлумачыць бясспрэчную ісціну: веру ніколі нельга зводзіць да збору правіл харчавання ці сацыяльных звычаяў”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што ў сучасным грамадстве “практыкаванне веры прадстаўляецца адмоўным чынам, часам у форме культурнай іроніі, а часам са схаванай маргіналізацыяй”. “Практыкаванне веры разглядаецца як бескарысны і нават шкодны вонкавы элемент, як перажытак старажытнасці, як замаскіраваны забабон: іншымі словамі, як нешта для старых. Пры гэтым ціск, які гэта неразборлівая крытыка аказвае на маладое пакаленне, вельмі моцны”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы пажылых людзей вярнуць пашану да веры.

“Вера заслугоўвае шанавання і павагі да самага канца: яна змяніла наша жыццё, ачысціла розум, навучыла ўшаноўваць Бога і любіць бліжняга. Вера – гэта благаслаўленне для ўсіх; уся вера, а не яе частка. Давайце не будзем мяняць веру на некалькі спакойных дзён, наследуючы прыклад Элеязара, які быў паслядоўным да канца і пайшоў на мучаніцтва. Давайце менавіта ў старасці з усёй пакорай і рашучасцю пакажам, што вера – гэта не штосьці “для старыкоў”, а наадварот, што яна – для жыцця. А Святы Дух, які абнаўляе ўсё, нам ахвотна дапаможа”, - запэўніў Францішак.

На заканчэнне катэхезы Пантыфік нагадаў, што маладыя людзі ўглядаюцца ў прыклад старэйшых людзей, якія, сваёй паслядоўнасцю, могуць адкрыць ім шлях прыгожага жыцця, у той час як крывадушнасцю – зрабіць вялікую шкоду.

04 мая 2022, 11:24

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >