Папа ўхваліў рашэнне пра кананізацыю душпастыра мігрантаў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што Святы Айцец ухваліў станоўчы вынік галасавання ўдзельнікаў звычайнай сесіі Кангрэгацыі адносна кананізацыі благаслаўлёнага Джавані Батысты Скалабрыні (1839-1905), італьянскага біскупа, заснавальніка Таварыства Місіянераў Святога Карла і Таварыства Сясцёр Місіянерак Святога Карла Барамэа, якія займаюцца душпастырствам мігрантаў.
Для зацвярджэння гэтага рашэння Папа склікаў кансісторый, падчас якога будзе разгледжана таксама пытанне кананізацыі благаслаўлёнага Артэмідэ Дзаці (1890-1951), італьянскага свецкага верніка з Таварыства святога Францішка Сальскага, які праславіўся як лекар, што служыў бедным у Аргентыне. Дэкрэт аб прызнанні цуда праз яго заступніцтва Францішак ухваліў 9 красавіка 2022 года.
Святы Айцец ухваліў таксама дэкрэт аб прызнанні цуда праз заступніцтва іспанскай дзяўчынкі Марыі Дэла Кансэпс’ён Барэчэгурэн-і-Гарсіі (1905-1927), якая адзначалася хрысціянскімі цнотамі, мужна пераносячы цярпенні, выкліканы туберкулёзам.
Яшчэ сем дэкрэтаў, ухваленых Папам, тычыліся гераічнасці цнот: філіпінскага арцыбіскупа Тэафіла Бастыда Камамота (1914-1988); італьянскага біскупа Луіджы Сода (1811-1895); іспанскага дыяцэзіяльнага святара, ксяндза Хасэ Торэса Падзіла (1811-1978); італьянскага капуцына, айца Джамп’еьтра з Сэста-Сан-Джавані (1868-1913), заснавальніка кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Капуцынак святога Францішка Асізскага у Бразілі; італьянскага францішканіна, айца Альфрэда Марганці (1886-1969); мексіканскай законніцы, сястры Марыяны ад Найсвяцейшай Тройцы, свецкае імя якой Альсоп Гансалес-Манрыке (1854-1933), заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Тройцы; і польскай свецкай верніцы Яніны Вайнароўскай (1923-1979).