Папа прывітаў абаронцаў жыцця і падтрымаў экалагічную ініцыятыву
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Уладарка Неба, якая 22 мая 2022 года прайшла ў Ватыкане, Святы Айцец падзякаваў за намаганні на карысць абароны жыцця і права медыцынскіх работнікаў адмовіцца ўдзельнічаць у здзяйсненні аборту па меркаваннях сумлення, якое часта абмяжоўваецца.
“На жаль, на працягу апошніх гадоў адбыліся змены агульнай ментальнасці, і сёння мы ўсё больш схільныя лічыць, што жыццё – гэта рэсурс, якім мы можам цалкам распараджацца, што можам вырашыць маніпуліраваць ім, нараджаць ці забіваць па ўласным жаданні, быццам гэта выключна вынік індывідуальнага выбару. Давайце будзем памятаць, што жыццё – гэта Божы дар, яно заўсёды святое і недатыкальнае, і мы не можам прымушаць да маўчання голас сумлення”, - сцвердзіў Пантыфік.
Францішак таксама заклікаў вернікаў прыняць удзел у ініцыятывах, якія пройдуць у рамках Тыдня Laudato si’, які пройдзе з 22 па 29 мая 2022 года з нагоды сёмай гадавіны яго аднайменнай энцыклікі.
“Сёння распачынаецца Тыдзень Laudato si’, каб больш уважліва слухаць крык Зямлі, які падштурхоўвае нас дзейнічаць разам у клопаце пра супольны дом. Дзякую Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і шматлікім арганізацыяй, якія далучыліся, і заклікаю ўсіх узяць удзел у святкаванні”, - сказаў Святы Айцец.