Святы Айцец да яўрэйскай дэлегацыі: давайце разам ісці наперад
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа падзякаваў сваім гасцям за “доўгую гісторыю кантактаў са Святым Пасадам, пачынаючы з моманту публікацыі саборнай дэкларацыі Nostra aetate”, а таксама за гуманітарную дзейнасць, што з’яўляецца “выкананнем волі Усявышняга”.
“Дапамога найменшым, бедным, хворым – гэта самы канкрэтны спосаб спрыяння больш шырокаму братэрству. Насамрэч, разважаючы пра вялікую колькасць канфліктаў і небяспечных экстрэмізмаў, якія ставяць пад пагрозу бяспеку ўсіх, трэба адзначыць, што часта найбольшым фактарам рызыкі з'яўляецца матэрыяльная, адукацыйная, духоўная беднасць, якая становіцца спрыяльнай глебай для падсілкоўвання нянавісці, гневу, расчаравання і радыкалізму”, - звярнуў увагу Пантыфік.
На яго думку, небяспечнымі для сённяшняга свету з’яўляюцца “партыкулярысцкія і нацыяналістычныя перспектывы, абумоўленыя эгаістычнымі інтарэсамі і прагнасцю да нажывы”, вынікам чаго з’яўляецца таптанне чалавечай годнасці. “Каб не дапусціць эскалацыі зла, важна памятаць мінулае, памятаць пра войны, памятаць пра Шоа і многія іншыя зверствы”, - адзначыў Святы Айцец.
“Наша агульная духоўная памяць, пацверджаная старонкамі Святога Пісання, вяртае нас да першага акту насілля, калі Каін забіў свайго брата Авеля”, - нагадаў Папа. Ён прапанаваў часта задаваць сабе біблейскае пытанне: “Дзе твой брат?”. “Мы не можам замяніць чароўную мару пра свет, які складаецца з братоў, на свет адзіных, жорсткіх і абыякавых сыноў”, - заўважыў Францішак, нагадваючы, што чалавечнасць вымяраецца “братэрствам і абліччам іншага чалавека”.
Папа адзначыў, што “ў кожнай рэлігійнай традыцыі, у кожным грамадстве заўсёды існуе рызыка затаіць крыўду і разгарнуць спрэчкі супраць іншых, прычым рабіць гэта ў імя абсалютных прынцыпаў, нават сакральных”. Ён назваў гэта “хлуслівай спакусай”, “падманам, у якім спрэчкі вырашаюцца насіллем і вайной”. “А насілле заўсёды спараджае больш насілля, зброя – смерць, а вайна – гэта не рашэнне, а праблема, параза”, - звярнуў увагу Святы Айцец.
“Логіка Неба – разарваць кола насілля, спіраль нянавісці і пачаць абараняць іншага, адно аднаго”, - заключыў Францішак. Ён пажадаў сваім яўрэйскім гасцям “працягваць клапаціцца пра сясцёр і братоў, асабліва самых слабых і забытых”. “Мы можам рабіць гэта разам: мы можам працаваць на карысць самых малых, міру, справядлівасці, абароны стварэння”, - перакананы Пантыфік.
Францішак прызнаўся, што з дзяцінства для яго важнымі былі яўрэйска-каталіцкія адносіны, паколькі ў школе ў яго былі сябры-яўрэі. Для Папы такога роду дыялог “складаецца з твараў людзей, якія сустракаюцца, з канкрэтных жэстаў братэрства”.
“Давайце разам ісці наперад, на аснове агульных духоўных каштоўнасцей, абараняць чалавечую годнасць ад любога роду насілля, шукаць міру. Няхай Усявышні благаславіць нас, каб наша сяброўства ўзрастала і мы маглі разам працаваць на агульную карысць”, - звярнуўся ў завяршэнне міжрэлігійнай сустрэчы Францішак.