Пошук

Айцы каміліяне падчас пандэміі каронавіруса. Ілюстрацыйнае фота Айцы каміліяне падчас пандэміі каронавіруса. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: Касцёлу патрэбна харызма служэння хворым і слабым

Францішак падзякаваў прадстаўнікам Ордэна Каміліянаў за пошук новых шляхоў евангелізацыі і рэалізацыю сваёй харызмы служэння хворым. Ён сустрэўся з законнікамі 16 мая 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Наш час адзначаны індывідуалізмам і абыякавасцю, якія спараджаюць адзіноту і непаважлівае стаўленне да жыцця мноства людзей. (...) Хрысціянскі адказ заключаецца не ў пакорлівым назіранні за сучаснасцю і не ў настальгічным шкадаванні аб мінулым, але ў міласэрнасці, якая, ажыўленая даверам да Провіду, умее любіць свой час і з пакорай сведчыць аб Евангеллі”, - заўважыў Пантыфік.

Папа нагадаў пра заснавальніка манаскай супольнасці, Каміла дэ Леліса, “які з'яўляецца адным са святых, якія найлепш увасабляюць стыль Добрага Самараніна”. У выбары такога жыцця “ляжыць паваротны момант для выхаду з ценю замкнёнага свету і стварэння свету адкрытага”, - лічыць Святы Айцец.

Каб глядзець на пакуты, хваробы і смерць вачыма Езуса, патрэбна “паслухмяная адкрытасць на Духа Святога, Які з’яўляецца душой усяго апостальскага дынамізму; патрэбна доля смеласці, каб разам адкрыць і прайсці нязведаныя шляхі і выказаць патэнцыял каміліянскай харызмы і служэння ў новых формах”, - адзначыў Папа.

Падчас папскай аўдыенцыі для прадстаўнікоў Ордэна Каміліянаў
Падчас папскай аўдыенцыі для прадстаўнікоў Ордэна Каміліянаў

Апостальства, прысвечанае служэнню хворым, слабым і пажылым, на думку Францішка, “спалучае два істотныя вымярэнні хрысціянскага жыцця: з аднаго боку, жаданне экстравертнага і канкрэтнага сведчання перад іншымі, з другога – патрэбу зразумець сябе паводле канонаў евангельскай сціпласці”.

Святы Айцец запрасіў каміліянаў, “чэрпаць з лімфы” евангельскіх Благаслаўленняў. “І не грэбуйце памяццю пра першую любоў, якой Езус перамог вашае сэрца, каб пастаянна з каранёў аднаўляць ваш выбар кансэкраванага жыцця. Заўсёды вяртайцеся да вытокаў першай любові... таму што тут ляжыць наша манаская ідэнтычнасць – першы дыялог з Езусам, заклік...”, - даў параду Францішак.

Ён папрасіў законнікаў “супрацоўнічаць з Духам Святым у пошуку ўсіх спосабаў жыцця Яго харызмай міласэрнасці”, а таксама максімальна супрацоўнічаць са свецкімі вернікамі, асабліва з медыцынскімі работнікамі.

“Дарагія браты, я хачу перш за ўсё падзякаваць вам за тое, хто вы ёсць і за тое, што вы робіце ў Касцёле. Калі мы хочам прапанаваць людзям добры “палявы шпіталь”, дзе параненыя могуць сустрэцца і адчуць блізкасць і пяшчоту Хрыста, калі мы хочам гэтага, нам не абысціся без харызмы святога Каміла дэ Леліса. Вы павінны аддаць свае рукі, ногі, розум і сэрца гэтаму Божаму дару, каб ён працягваў абуджаць справы Божыя ў наш час”, - падкрэсліў на заканчэнне сустрэчы Папа.
 

16 мая 2022, 12:09