Святы Айцец пра місію касцёльных псіхолагаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак падзякаваў за падрыхтоўку навучальнай установай больш за паўтысячы спецыялістаў, “здольных інтэграваць духоўнасць і псіхалогію ў апостальскую і адукацыйную дзейнасць у розных геаграфічных і культурных кантэкстах Касцёла”.
“Сёння свет перажывае глыбокі антрапалагічны крызіс, крызіс сэнсу, на які Касцёл абавязаны адэкватна і эфектыўна рэагаваць. На нашых вачах зноў разыгрываецца велізарная трагедыя вайны, якая з'яўляецца найгоршым наступствам чалавечай, індывідуальнай і сістэмнай дэструктыўнасці, што не ўспрымаецца дастаткова сур'ёзна, не ўлічваецца належным чынам і не выкараняецца”, - адзначыў Святы Айцец.
У такой сітуацыі Касцёл чакае ад Інстытута псіхалогіі падрыхтоўкі спецыялістаў з саліднай антрапалагічнай базай, якія змогуць дапамагаць людзям дзякуючы веданню не толькі псіхалогіі, але і тэалогіі і філасофіі. Сёння, паводле Пантыфіка, патрэбны асобы, якія навучаць казаць “не” злу і дапамогуць параненым і пакрыўджаным у сваёй годнасці.
“Ваша місія служыць умацаванню чалавечай асобы і бесперапыннаму працэсу евангелізацыі, які рэалізуецца праз перакладанне на канкрэтыку чалавечага існавання найвышэйшага дару Адкуплення, здзейсненага Панам Езусам Хрыстом”, - заўважыў Францішак.
Папа пажадаў выкладчыкам і студэнтам Інстытута псіхалогіі служыць Касцёлу, што выходзіць на экзістэнцыяльныя перыферыі сучасных людзей з разнастайных культур, аб’яднаных патрэбай у падтрымцы і энтузіязме, каб супрацьстаяць цяжкасцям і выклікам жыцця.