Святы Айцец: не ператвараць літургію ў поле бітвы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
7 мая 2022 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Папскага літургічнага інстытута святога Анзэльма, заснаванага 60 гадоў таму, “каб адказаць на ўзрастаючую патрэбу Божага народа жыць і больш інтэнсіўна ўдзельнічаць у літургічным жыцці Касцёла”. Гэта патрэба знайшла пацвярджэнне ў саборнай канстытуцыі пра святую літургію Sacrosanctum Concilium, - нагадаў Папа.
Францішак заўважыў, што ў саборным імкненні да абнаўлення літургічнага жыцця, выразна бачныя тры вымярэнні: актыўны і плённы ўдзел вернікаў; касцёльная еднасць, натхнёная цэлебрацыяй Эўхарыстыі і сакрамэнтамі Касцёла; і імкненне да евангелізацыйнай місіі, якая зыходзіць з літургічнага жыцця і ўключае ў сябе ўсіх ахрышчаных.
“Папскі літургічны інстытут знаходзіцца на службе гэтым тром патрэбам”, - падкрэсліў Пантыфік, зазначаючы, што літургія і яе вывучэнне павінны весці да большага касцёльнага адзінства. “Немагчыма пакланяцца Богу і ў той жа час ператвараць літургію ў поле бітвы па неістотных пытаннях. Евангелле і Традыцыя Касцёла заклікаюць нас да цвёрдай еднасці ў самым істотным і прыняццю законных адметнасцей у гармоніі Духа”, - дадаў ён.
Францішак зазначыў, што літургія мае фундаментальнае значэнне ў хрысціянскім жыцці, заахвочвае да любові да бліжняга, дыялогу і экуменічнага духу, асабліва зараз, калі перад Касцёлам стаць моцныя выклікі свету.
“Найсвяцейшая Панна Марыя разам з апосталамі малілася, ламала хлеб і жыла любоўю да ўсіх людзей. Няхай праз іх заступніцтва літургія Касцёла сёння і заўсёды дапамагае існаванню гэтай мадэлі хрысціянскага жыцця”, - пажадаў Святы Айцец кіраўніцтву, выкладчыкам і студэнтам Папскага літургічнага інстытута святога Анзэльма.