Пошук

Папа на пахаванні кардынала Анджэла Садана Папа на пахаванні кардынала Анджэла Садана 

Пантыфік прыняў удзел у пахаванні кардынала Анджэла Садана

Папа прыняў удзел у пахавальнай святой Імшы кардынала Анджэла Садана, Дзяржаўнага сакратара Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI, шматгадовага дэкана Калегіі кардыналаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пахавальная літургія адбылася 31 мая 2022 года ў папскай ватыканскай базыліцы. У ёй бралі ўдзел шматлікія іерархі Рымскай курыі, духавенства, вернікі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і родныя іерарха, памерлага 27 мая ў Рыме. Гамілію падчас святой Імшы прамовіў кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў.

Ватыканскі іерарх распавёў, што чатыры гады таму кардынал Садана напісаў у сваім духоўным запавеце, што ў спакоі чакае таго часу, калі Пан пакліча яго да сябе, а таксама аднавіў вызнанне веры, надзеі і любові, якім навучыўся яшчэ з маленства на каленях сваёй маці. “З такім унутраным настроем я ўглядаюся ў Пана, спадзеючыся, што аднойчы ён з міласэрнасцю прыме мяне ў свае абдымкі. З такім самым настроем гляджу на Найсвяцейшую Марыю, да якой з юнацтва ўсклікаў, як да Брамы нябеснай”, - працытаваў словы запавету спачылага іерарха кардынал Рэ.

Анджэла Садана пражыў 94 гады, з якіх 71 год у святарстве і 60 гадоў на службе Апостальскай Сталіцы. Кардынал Рэ нагадаў пра захапленне іерарха тэалогіяй і душпастырствам моладзі, пра першыя крокі ў папскай дыпламатыі ў часы Другога Ватыканскага Сабора, пра яго працу ў краінах Лацінскай Амерыкі, пра візіты ў краіны камуністычнага блока, а таксама пра першы досвед пасрэдніцтва ў канфлікце паміж Аргентынай і Чылі, дзе ён быў нунцыем у перыяд дыктатуры Піначэта.

Кардынал Садана прадэманстраваў сваю кампетэнтнасць і адданасць справе міру на працягу амаль шаснаццаці гадоў служэння на пасадзе Дзяржаўнага сакратара ў вельмі неспакойны перыяд, на якія выпалі заканчэнне халоднай вайны, канфлікт у Персідскім заліве, вайна ў Іраку, канфлікт на Балканах, трагедыя 11 верасня 2001 года ў Нью Ёрку і наступнае распаўсюджванне тэрарызму ў свеце, заўважыў дэкан Калегіі кардыналаў.

Спачылага іерарха характарызавала мудрасць, гатоўнасць дапамагчы і шукаць належныя рашэнні, а таксама вернасць у служэнні Касцёлу і вікарыю Хрыста: ён падкрэсліваў, што неабходна не толькі верыць у таямніцу Касцёла, але любіць яго, прымаючы ўдзел у працы яго структур, падзяляючы штодзённыя праблемы Касцёла, які вучыць, які асвячае і які вядзе з любоўю, сказаў кардынал Джавані Батыста Рэ.
 

31 мая 2022, 12:18