Пошук

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў пленарнай сесіі Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству Аўдыенцыя для ўдзельнікаў пленарнай сесіі Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству 

Святы Айцец: вайна ва Украіне грукае да сумлення кожнай Царквы

Ігнараваць падзелы паміж хрысціянамі, значыць талерантна адносіцца да забруджвання сэрцаў, якое робіць урадлівай глебу для канфліктаў, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

6 мая 2022 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, якое было прысвечана падрыхтоўцы да экуменічнага святкавання 1700-годдзя І Нікейскага Сабора, што будзе адзначацца ў 2025 годдзе.

У прамове Францішак спачатку звярнуў увагу на ўплыў пандэміі на экуменічныя адносіны, заўважаючы, што з аднаго боку яна “перашкодзіла звычайным кантактам і новым праектам”, а з іншага – стала “нагодай для таго, каб умацаваць і абнавіць адносіны паміж хрысціянамі”.

“Першым значным экуменічным вынікам пандэміі стала абнаўленне ўсведамлення прыналежнасці ўсіх да адзінай хрысціянскай сям’і”, - падкрэсліў Папа, заўважаючы, што гэта ўсведамленне грунтуецца на супольным досведзе адчування ўразлівасці, у сувязі з тым, што маглі спадзявацца выключна на дапамогу Бога.

“Парадаксальным чынам пандэмія, якая прымусіла нас трымацца на адлегласці адзін ад аднаго, дапамагла нам зразумець наколькі, насамрэч, мы з’яўляемся блізкімі адзін да аднаго і адказнымі адзін за аднаго. Фундаментальна важна працягваць умацоўваць гэту свядомасць, рабіць так, каб з яе нараджаліся ініцыятывы, якія зробяць яўным і ўмацуюць гэта адчуванне братэрства”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што ў адваротным выпадку хрысцінскім супольнасцям пагражае спакуса самадастатковасці і адасаблення, якая з’яўляецца сур'ёзнай перашкодай для экуменізму.

Пантыфік зазначыў, што хрысціянін не можа ісці наперад у адзіночку. Аналагічным чынам адбываецца з канфесіямі: калі яны не ідуць усе разам, тады топчацца на месцы, - патлумачыў ён, звяртаючы ўвагу на вяртанне некаторых хрысціянскіх супольнасцей да эгацэнтрызму.

Францішак зазначыў таксама, што перш чым завяршылася пандэмія, увесь свет сутыкнуўся з новымі трагічным выклікам – вайной ва Украіне. Папа падкрэсліў, што “пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў свеце не было недахопу ў рэгіянальных войнах", што падштурхнула яго казаць пра “фрагментарную трэцюю сусветную вайну”.

“Аднак, актуальная вайна, бязлітасная і бессэнсоўнай як кожная вайна, мае большае вымярэнне і пагражае ўсяму свету і не можа не грукаць да сумлення кожнага хрысціяніна і кожнай Царквы. Мы павінны задацца пытаннем: што зрабілі і што могуць зрабіць Цэрквы, каб паспрыяць “развіццю глабальнай супольнасці, здольнай да братэрства на аснове сацыяльнага сяброўства паміж народамі і нацыямі?”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што “перад абліччам варварства вайны” ў хрысціян павінна ўмацавацца прагненне адзінства. “Ігнараваць падзелы паміж хрысціянамі, у сілу звычкі ці расчаравання, значыць талерантна адносіцца да забруджвання сэрцаў, якое робіць урадлівай глебу для канфліктаў. Абвяшчэнне Евангелля міру, таго Евангелля, якое абяззбройвае сэрцы перш чым войскі, стане больш пераканаўчым, калі будзе абвяшчацца хрысціянамі, якія, урэшце, прымірыліся ў Езусе, Валадары супакою; хрысціянамі, натхнёнымі Яго пасланнем любові і ўсеагульнага братэрства, якое пераўзыходзіць межы ўласнай супольнасці і ўласнай нацыі”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што І Нікейскі Сабор быў момантам прымірэння для Касцёла, які ў сінадальным духу пацвердзіў сваё адзінства вакол вызнання ўласнай веры. “Стыль і рашэнні Нікейскага Сабору павінны асвятляць актуальны экуменічны шлях і дапамагчы сталенню новых канкрэтных крокаў да мэты поўнага аднаўлення адзінства хрысціян. Улічваючы, што 1700-годдзе І Нікейскага Сабора супадае з Юбілейным годам, жадаю, каб святкаванне бліжэйшага Юбілею мела значнае экуменічнае вымярэнне”, - сказаў Папа, заклікаючы таксама прыслухоўвацца да прадстаўнікоў іншых канфесій у кантэксце сінадальнага шляху, які адбываецца ў Касцёле.
 

06 мая 2022, 12:13