Пошук

Кардынал Джозэф Дзэн Кардынал Джозэф Дзэн 

Святы Пасад сочыць за сітуацыяй кардынала Чэня ў Ганконгу

11 мая 2022 года кардынал Джозэф Чэнь быў затрыманы службамі бяспекі Ганконга па падазрэнні ў “змове з замежнымі сіламі”. Праз некалькі гадзін ён быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Святы Пасад з занепакоенасцю прыняў паведамленне пра затрыманне кардынала Чэня і вельмі ўважліва сочыць за развіццём сітуацыі”, - паведаміў у каментары для журналістаў Матэа Бруні, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

90-гадовы арцыбіскуп-эмерыт Ганконга і нязломны абаронца правоў чалавека і свабоды веравызнання, кардынал Джозэф Чэнь, даўно знаходзіцца ў полі зроку кітайскіх уладаў. Затрыманне былога іерарха звязваюць з яго ролю ў кіраванні 612 Humanitarian Relief Fund – фондам падтрымкі дэмакратычнага руху, які быў закрыты ўладамі Кітая ў кастрычніку 2021 года.

Разам з кардыналам Чэням затрымліваліся яшчэ некалькі чалавек, звязаных з гэтай арганізацыяй. Паводле мясцовых СМІ, яны таксама былі вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Паведамляецца, што ўсе затрыманні праходзілі ў рамках расследавання справы аб “змове з замежнымі сіламі” ў парушэнне закона аб нацыянальнай бяспецы, прынятага Пекінам у чэрвені 2020 года.

На працягу некалькіх апошніх месяцаў ганконгскія газеты абвінавачвалі кардынала Чэня ў падбухторванні студэнтаў да пратэстаў супраць шэрагу ўрадавых мер у 2019 годзе. Былы пастыр Ганконга неаднаразова выступаў з адкрытай крытыкай у адрас Камуністычнай партыі Кітая, асуджаючы пераслед рэлігійных супольнасцей.
 

12 мая 2022, 10:38