Пошук

Аўдыенцыя для Місіянераў камбаніянаў Сэрца Езуса Аўдыенцыя для Місіянераў камбаніянаў Сэрца Езуса 

Францішак: плёны місіі цалкам залежаць ад адзінства з Хрыстом

Сведчанне адзінства ў манаскай супольнасці – важны элемент місіянерскай дзейнасці, - нагадаў Пантыфік удзельнікам генеральнага капітула кангрэгацыі Місіянераў камбаніянаў Сэрца Езуса.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа падкрэсліў, што вытокі, плёны і дынаміка місіянерскай дзейнасці цалкам залежаць ад еднасці з Хрыстом і сілы Святога Духа. “Мы можам рабіць шмат: ініцыятывы, праграмы, кампаніі... мноства ўсяго; але калі не прабываем у Ім, калі Яго Дух не прасякнуў нас, тады ўсё, што робім – нішто ў Яго вачах, гэта значыць не вартае нічога для Божага Валадарства”, - папярэдзіў Францішак падчас аўдыенцыі, якая прайшла 18 чэрвеня 2022 года ў Ватыкане.

“Аднак, калі будзем як галінкі, моцна злучаныя з лазой, тады жыццядайныя сокі Духа перацякуць ад Хрыста ў нас і ўсё, што зробім, прынясе плён, бо будзе не нашай ініцыятывай, але любоўю Хрыста, што дзейнічае праз нас”, - запэўніў святароў Пантыфік.

“Гэта таямніца хрысціянскага жыцця, і, у прыватнасці, місіянерскай дзейнасці, паўсюль, як у Еўропе, так і ў Афрыцы і на іншых кантынентах”, - сказаў ён, дадаючы, што “місіянер – гэта вучань, які настолькі з’яднаны са сваім Настаўнікам і Панам, што яго рукі, розум і сэрца становяцца “каналамі” любові Хрыста”.

Пантыфік заклікаў пастыраў быць міласэрнымі, спагадлівымі і пяшчотнымі ў ажыццяўленні місіянерскай дзейнасці, бо менавіта гэта “стыль Бога” і “галоўныя рысы Хрыстовага сэрца” “Міласэрнасць, ласкавасць – гэта агульназразумелая мова, якая не ведае межаў”, - сцвердзіў ён.

Францішак адзначыў таксама, што важнае значэнне для місіянерскай дзейнасці мае сведчанне адзінства і ўзаемнай любові паміж членамі манаскага аб'яднання. Першая хрысціянская супольнасць у Іерусаліме карысталася павагай усяго народа, бо людзі бачылі, як яны жывуць і любяць адзін аднаго, - сказаў Папа.

Пантыфік пажадаў камбаніянам, каб іх лад жыцця, фармацыя, служэнне і ўласнасць знаходзіліся на службе місіянерскай дзейнасці, а гэта значыць сведчанню. На гэтым шляху, вельмі важна паслухмянасць Святому Духу, каб планаванне, праекты і ініцыятывы адпавядалі патрабаванням евангелізацыі ў стылі евангельскіх благаслаўленняў, якая павінна быць радаснай, ласкавай, мужнай, цярплівай, поўнай міласэрнасці, прагнучай справядлівасці і міру, - перакананы Святы Айцец.

18 чэрвеня 2022, 10:47