Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа звярнуўся да каталіцкіх харызматычных рухаў

З нагоды экуменічнага чування перад Пяцідзясятніцай, арганізаванага Charis International, у відэазвароце Францішак спаслаўся на тэму ран чалавецтва, спустошанага хваробамі, голадам, выгнаннем і войнамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа звярнуў увагу на рэальнасць сучаснага свету, пазначанага хваробамі, і нагадаў пра пандэмію, якая забрала мільёны людзей па ўсім свеце, прынесла з сабой боль, пакуты і спустошанасць. Ён назваў іншыя пошасці, ад якіх пакутуе чалавецтва: “У многіх частках свету галадаюць, цэлыя народы жывуць у выгнанні. І вайна, вайна паміж братамі, вайна паміж хрысціянамі, як у выпадку ўварвання ва Украіну. Сітуацыя ў Емене, мучаніцкая смерць народа Рахінджа і выключная сітуацыя ў Ліване таксама з'яўляюцца прыкладамі гэтай вайны ва ўсім свеце... вайны!".

Пантыфік адзначыў, што для выпраўлення свету чалавецтву патрэбны моцны саюзнік. “Мы не можам зрабіць гэта ў адзіночку. З Духам Святым – можам. Здаецца, што нянавісць апанавала свет. Аднак ёсць сіла, больш магутная за нянавісць, гэта сіла любові: “любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, Які дадзены нам” (Рым 5, 5)”, - сказаў Францішак.

Ён заклікаў кожнага пераадолець нянавісць праз свае штодзённыя намаганні, а ў першую чаргу, праз прабачэнне і просьбу аб прабачэнні. “Так пачынаецца мір. Маленькімі крокамі, адзін за адным. Культура міру, якую мы павінны распаўсюджваць, пачынаецца менавіта так”, - заўважыў Францішак.

У сваім відэапасланні да харызматычных лідараў Папа ўказаў на неабходнасць рэалізму і надзеі. "Мір пачынаецца ў сем'ях, у міжасобасных і міжрасавых адносінах, у адносінах паміж хрысціянамі і прадстаўнікамі іншых рэлігій. Мір пачынаецца з любові да ворага, да тых, хто не думае, як я", - адзначыў ён.

Charis – гэта адносна маладое служэнне, якое каардынуе ўсе харызматычныя групы і супольнасці, якія існуюць у Каталіцкім Касцёле. Яно было заснавана Францішкам і афіцыйна пачало дзейнічаць ва ўрачыстасць Пяцідзясятніцы 9 чэрвеня 2019 года.
 

05 чэрвеня 2022, 12:24