Пантыфік: Эўхарыстыя запрашае нас прынесці Бога ў паўсядзённасць
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Урачыстасць Corpus Domini запрашае нас выйсці і несці Пана ў паўсядзённае жыццё: несці Яго туды, дзе жыццё праходзіць з усімі яго радасцямі і пакутамі”, - заўважыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 15 чэрвеня прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.
Францішак заклікаў вернікаў маліцца, каб Бог дазволіў нам быць “эўхарыстычнымі” людзьмі, “удзячнымі за атрыманыя дары” і здольнымі прыносіць сябе ў дар іншым, “служачы з радасцю, асабліва тым, хто мае ў гэтым найбольшую патрэбу”.
Вітаючы польскіх пілігрымаў, Святы Айцец падкрэсліў, што ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста “нагадвае пра рэальную прысутнасць Бога ў Эўхарыстыі пад выглядам хлеба і віна”. Ён пажадаў, каб евангелізацыйныя канцэрты, якія будуць праходзіць у Польшчы з гэтай нагоды, “маглі абудзіць ва ўсіх веру, каб прымаючы Цела і Кроў Хрыста маглі яшчэ глыбей адчуць Яго любоў”.
“Няхай Эўхарыстыя, таямніца любові, будзе для ўсіх вас крыніцай святла і асвеціць сцежкі жыцця, падтрымкай падчас цяжкасцей, найвышэйшым суцяшэннем падчас штодзённых пакут”, - пажадаў Пантыфік.