Пошук

Аўдыенцыя для Федэрацыі каталіцкіх сямейных асацыяцый у Еўропе Аўдыенцыя для Федэрацыі каталіцкіх сямейных асацыяцый у Еўропе 

Пантыфік: маці і бацькі не жадаюць вайны, сям’я – школа міру

Францішак прыняў дэлегацыю Федэрацыі каталіцкіх сямейных асацыяцый у Еўропе. Сустрэча адбылася 10 чэрвеня 2022 года была прымеркавана да 25-годдзя з дня заснавання гэтага аб’яднання.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа заўважыў, што ў актуальны момант Еўропа, а асабліва сем’і ў Еўропе, перажываюць час, які “для многіх трагічны і для ўсіх драматычны” па прычыне вайны ва Украіне. “Маці і бацькі, незалежна ад іх нацыянальнасці, не жадаюць вайны. Сям’я – гэта школа міру”, - сказаў Папа, спасылаючыся на заяву Федэрацыю, скіраваную 6 мая 2022 года. Ён падзякаваў сем’ям, якія знаходзяцца “на перадавой прыёму бежанцаў, асабліва ў Літве, Польшчы і Венгрыі”.

Святы Айцец выказаў падзяку сваім гасцям таксама за абарону інстытута сям’і пры структурах ЕС і за “каштоўнае служэнне” па арганізацыі сетак сем’яў ва ўсёй Еўропе. “Тэрмінова патрэбна, каб мясцовыя Касцёлы, у Еўропе і не толькі, адкрыліся на дзейнасць свецкіх і сям’яў, якія займаюцца сямейным суправаджэннем”, - падкрэсліў Пантыфік, заклікаючы да ўмацавання сетак сем’яў, каб супрацьстаяць актуальным выклікам, у першую чаргу крызісу нараджальнасці.

“Дзяржавы маюць заданне ліквідаваць перашкоды для нараджальнасці ў сем’ях і прызнаць, што сям’я з’яўляецца агульным дабром, якое павінна падтрымлівацца, што будзе мець натуральныя станоўчыя наступствы для ўсіх”, - сцвердзіў Папа.

Францішак працытаваў нядаўнюю рэзалюцыю Федэрацыі, у якой гаворыцца, што дзеці ў сям'і ніколі не павінны ўспрымацца як “недахоп адказнасці” сем’яў за стварэнне ці прыродныя рэсурсы, а “паняцце “экалагічнага следу” не можа ўжывацца ў адносінах да дзяцей, бо яны з’яўляюцца неад’емным рэсурсам для будучыні”. “Змагацца трэба са спажывальніцтвам і індывідуалізмам, гледзячы на сем’і як на лепшы прыклад аптымізацыі рэсурсаў”, - дадаў ён.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на праблему парнаграфіі, “распаўсюджанай амаль паўсюдна праз інтэрнэт”, якую неабходна асудзіць “як няспынны напад на годнасць мужчыны і жанчыны”.

“Гаворка ідзе не толькі пра тое, каб абараніць дзяцей – што з’яўляецца неадкладным заданнем уладаў і ўсіх нас, – але таксама пра тое, каб абвясціць парнаграфію пагрозай для грамадскага здароўя. Было б вялікай ілюзіяй думаць, што грамадства, у якім нездаровае спажыванне сексу ў інтэрнэце шырока распаўсюджана сярод дарослых, здольнае эфектыўна абараняць непаўналетніх”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што годнасці мужчыны і жанчыны пагражае таксама “нечалавечая і ўсё больш і больш распаўсюджаная” практыка сурагатнага мацярынства, “калі жанчын, амаль заўсёды бедных, выкарыстоўваюць, а дзяцей разглядаюць як тавар”.

Францішак адзначыў важнасць сведчання адзінства і працы на карысць міру ў актуальны гістарычны момант, калі “існуе мноства пагроз і трэба ставіць на тое, што яднае, а не раздзяляе”. Ён падзякаваў за тое, што цягам апошніх пяці гадоў у склад Федэрацыі былі ўключаны дзесяць новых сямейных арганізацый з чатырох краін Еўропы, у тым ліку з Украіны.

Святы Айцец назваў выклікам “пандэмію самотнасці”, падкрэсліваючы, што супрацьяддзем ад яе могуць быць сеткі сям’яў, пакліканыя па сваёй прыродзе не пакідаць ззаду нікога, у еднасці з пастырамі і мясцовымі Касцёламі.

Папа звярнуў увагу на першаснае значэнне сям’і, заснаванай на сужэнстве, бо “яна – першая ячэйка нашых грамадстваў і павінна прызнавацца такой у яе пракрэатыўнай функцыі” не ў сілу ідэалагічных прычын, а таму што з’яўляецца “натуральным месцам першых адносін і нараджэння”. “Калі сям’я запрашае на гасціну і выходзіць насустрач іншым, асабліва ўбогім і пакінутым, яна з’яўляецца сімвалам, сведчаннем i ўдзельнікам мацярынства Касцёла”, - працытаваў Пантыфік словы Апостальскай адгартацыі Amoris laetitia.

10 чэрвеня 2022, 12:43