Пошук

Аўдыецыя для членаў Мелькіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы Аўдыецыя для членаў Мелькіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы  

Папа: не забываць пра драму Сірыі і хрысціян Блізкага Усходу

Неабходна знайсці “ўраўнаважанае і справядлівае рашэнне драмы Сірыі”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы не забываць пра трагедыю гэтай “дарагой і спакутаванай” краіны.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

20 чэрвеня 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Сінода Мельхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы, пераважная большасць вернікаў якой пражывае ў Сірыі, Ліване, Егіпце, Ізраіле і Іарданіі. Ён заўважыў, што на працягу некалькіх апошніх месяцаў у цэнтры ўвагі знаходзіцца вайна ва Украіне, але заклікаў таксама не забываць пра цярпенні сірыйскага народа.

“Тысячы забітых і параненых, мільёны знешніх і ўнутраных бежанцаў, адсутнасць магчымасці распачаць патрэбную адбудову. Мне не аднойчы даводзілася сустракаць маладых сірыйцаў, якія прыязджалі сюды, і чуць іх расповеды. Мяне ўражвала тая драма, якую яны насілі ў сабе ў сувязі з перажытым і ўбачаным, але таксама іх позірк, амаль безнадзейны, няздольны марыць пра будучыню для сваёй краіны. Мы не павінны дазволіць, каб з вачэй і сэрцаў маладых людзей і сем’яў знікла апошняя іскра надзеі! Таму зноў скіроўваю заклік да ўсіх, хто мае адказнасць унутры краіны і ў міжнароднай супольнасці, каб можна было прыйсці да ўраўнаважанага і справядлівага рашэння драмы Сірыі”, - сказаў ён.

Пантыфік нагадаў пра малітоўную сустрэчу ў інтэнцыі Сірыі, якая прайшла ў першы год яго пантыфікату ў базыліцы святога Пятра, падкрэсліваючы, што ў ёй бралі ўдзел не толькі хрысціяне, але таксама і мусульмане.

Папа заўважыў, што перад абліччам вайны і праблем лідары Мельхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы занепакоены выжываннем хрысціян на Блізкім Усходзе. “Я таксама занепакоены: гэта выклікае хваляванне”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, аднак, што на працягу апошніх дзесяцігоддзяў прысутнасць мельхіцкай каталіцкай супольнасці стала глабальнай.

“Гэта безумоўна з’яўляецца выклікам, як касцёльным, так і культурным і сацыяльным, не пазбаўленым цяжкасцей і перашкодаў. У той жа час, гэта таксама цудоўная магчымасць: заставацца ўкаранёнымі ў сваіх традыцыях і паходжанні, але пры гэтым станавіцца адкрытымі на час і месцы, у якіх вы рассеяны, каб адказаць на тое, аб чым Пан просіць вашу Царкву сёння”, - сцвердзіў Святы Айцец.
 

20 чэрвеня 2022, 11:34