Пошук

Сустрэча Папы з рэдактарамі езуіцкіх выданняў Сустрэча Папы з рэдактарамі езуіцкіх выданняў 

Пантыфік: памятаць пра людскую трагедыю вайны ва Украіне

Падчас сустрэчы з галоўнымі рэдактарамі езуіцкіх часопісаў, 19 мая 2022 года, Папа падзяліўся думкамі пра расійскае ўварванне ва Украіну. Пра змест размовы напісаў часопіс La Civiltà Cattolica.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Журналістаў цікавіла меркаванне Святога Айца адносна таго як трэба асвятляць вайну, каб камунікацыя спрыяла будаванню міру. На думку Пантыфіка, трэба адмовіцца ад схемы супрацьпастаўлення бакоў як дабра і зла. “Тут няма метафізічна добрых і злых у абстрактным сэнсе. Выяўляецца нешта глабальнае, з элементамі, якія вельмі пераплецены паміж сабой”, - дадаў ён.

Францішак распавёў, што за некалькі месяцаў да пачатку вайны сустракаўся з адным кіраўніком дзяржавы, “мудрым чалавекам, які мала гаворыць”, і той выказаў занепакоенасць крокамі НАТА, маўляў, “НАТА гаўкае ля дзвярэй Расіі”, а “расіяне – імперыялісты і не дазволяць ніводнай чужаземнай сіле наблізіцца да іх”. Палітык папярэдзіў Папу, што гэта можа прывесці да вайны. “Такім было яго меркаванне, а 24 лютага пачалася вайны. Гэты кіраўнік дзяржавы здолеў прачытаць знакі таго, што адбывалася”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што мы бачым “жорсткасць і брутальнасць”, з якой вайну вядуць галоўным чынам атрады наймітаў, якіх выкарыстоўваюць расіяне. “Але небяспека заключаецца ў тым, што мы бачым толькі гэты жах, але не бачым усёй трагедыі, што разгортваецца за гэтай вайной, якая, магчыма, была пэўным чынам справакаванай або яе не атрымалася пазбегнуць. Я бачу таксама зацікаўленасць у выпрабаванні і продажы зброі”, - з жалем сказаў Папа.

“Хтосьці можа сказаць мне ў гэтым кантэксце: вы прыхільнік Пуціна! Не, я не з’яўляюся ім. Такое сцвярджэнне было б памылковым спрашчэннем. Я проста супраць звядзення складанай сітуацыі да падзелу на добрых і злых, не думаючы пра карані і інтарэсы, якія вельмі складаныя”, - заўважыў Францішак, падкрэсліваючы, што “бачачы жорсткасць расійскіх войскаў, нельга забываць пра праблемы, каб імкнуцца вырашыць іх”. “Гэта праўда, што расіяне думалі завяршыць усё цягам тыдня. Але яны памыліліся ў разліках. Яны сустрэлі мужны народ, які змагаецца за выжыванне і мае гісторыю барацьбы”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў пра войны ў розных краінах свету, а таксама пра вялікую колькасць маладых салдат, якія гінулі падчас сусветных канфліктаў у ХХ стагоддзі, напрыклад на ўзбярэжжы Нармандыі, пра пахаваных на вайсковых могілках у Анцыа недалёка ад Рыма, якія наведваў падчас свайго пантыфікату.

“Я хачу, каб вашы часопісы разглядалі чалавечы бок вайны. Хачу, каб вашы выданні дапамагалі зразумець людскую трагедыю вайны. Неабходна рабіць геапалітычны аналіз, глыбока вывучаць справы – вы павінны гэта рабіць, гэта ваша заданне. Але намагайцеся таксама перадаваць чалавечую трагедыю вайны”, - параіў Францішак. Ён адзначыў таксама важнасць увагі да ўкраінскіх бежанцаў, самотных жанчын і дзяцей. “Трэба задумацца пра тое, як іх падтрымаць, каб яны не трапілі ў сеткі гандляроў людзьмі, каб не былі выкарыстаны, бо сцярвятнікі ўжо кружаць”, - дадаў ён.

Францішак назваў Украіну багатай краінай, якую заўсёды імкнуліся раздзяліць, якой прагнулі авалодаць, каб эксплуатаваць. “Гісторыя нібыта наканавала Украіне лёс гераічнай краіны. І мы бачым гэты гераізм, ён узрушвае нашы сэрцы. Гэта гераізм, што злучаецца з ласкавасцю! Насамрэч, калі прыбылі першыя маладыя расійскія салдаты – пазней былі пасланы найміты, – адпраўленыя на “ваенную аперацыю”, як яны казалі, не ведаючы, што ідуць на вайну, то менавіта ўкраінскія жанчыны апекаваліся імі, калі яны траплялі ў палон. Гэта вялікая чалавечнасць. Мужныя жанчыны. Гэта народ, які не баіцца ваяваць. Гэта працавіты народ, які, адначасова, ганарыцца сваёй зямлёй. Трэба мець на ўвазе ўкраінскую тоеснасць у гэты момант. Гэты гераізм – узрушвае. Я вельмі хачу падкрэсліць гераізм украінскага народа. Перад нашымі вачыма адбываецца сусветная вайна, вайна глабальных інтарэсаў, гандлю зброяй і геапалітычных заваяванняў, якая раздзірае гераічны народ”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец узгадаў таксама пра сваю 40-хвілінную размову з Патрыярхам Кірылам, у першай частцы якой прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы “зачытваў дэкларацыю, у якой прадставіў матывы апраўдання вайны”. “Калі ён скончыў сваю прамову, я сказаў яму: “Браце, мы не з’яўляемся дзяржаўнымі служачымі, мы – пастыры народу”. Мы павінны былі сустрэцца з ім 14 чэрвеня ў Іерусаліме, але ў кантэксце вайны па ўзаемнай згодзе вырашылі адкласці сустрэчу на больш позні час, каб наш дыялог не ўспрымаўся двухзначна”, - адзначыў Папа, выказваючы спадзяванне на сустрэчу якая можа адбыцца ў верасні 2022 года падчас падарожжа ў Казахстан. “Маю надзею, што змагу сустрэць яго і крыху паразмаўляць з ім як з пастырам”, - дадаў Францішак.
 

14 чэрвеня 2022, 12:22