Пантыфік прыняў прадстаўнічую будыйскую дэлегацыю з Тайланда
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Візіт прымеркаваны да 50-годдзя гістарычнай сустрэчы Самдэя Пхра Ванарата, 17-га будыйскага Вярхоўнага Патрыярха Тайланда, з папам Паўлам VI, якая адбылася 5 чэрвеня 1972 года.
Францішак нагадаў словы свайго папярэдніка пра высокую ацэнку “духоўных, маральных і грамадска-культурных каштоўнасцей”, якія нясе будыйская традыцыя, і жаданне працягваць “сяброўскі дыялог і цеснае супрацоўніцтва” паміж будыстамі і католікамі. Папа адзначыў, што за апошнія пяцьдзясят гадоў у гэтым плане можна было назіраць значны прагрэс.
“У той час, калі чалавечая сям'я і планета сутыкаюцца з мноствам пагроз, сяброўскі дыялог і цеснае супрацоўніцтва яшчэ больш неабходныя. На жаль, з усіх бакоў мы чуем крык параненага чалавецтва і Зямлі, якую раздзіраюць на часткі. Буда і Езус разумелі неабходнасць пераадолення эгаізму, які спараджае канфлікты і насілле. Сёння наша задача – прывесці нашых вернікаў да больш яснага асэнсавання ісціны, што ўсе мы браты і сёстры. А гэта азначае, што мы павінны працаваць разам, каб выхоўваць спачуванне і гасціннасць да ўсіх людзей, асабліва бедных і маргіналізаваных”, - звярнуўся да гасцей з Тайланду Францішак.
Ён запрасіў прадстаўнікоў будызму да “намаганняў па паглыбленні і пашырэнні дыялогу і супрацоўніцтва з Каталіцкім Касцёлам”.