Святы Айцец: у будучыні ніхто не павінен быць адчужаным
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“У будучым свеце ніхто не павінен быць адчужаным. Мы павінны паставіць у цэнтр жыхароў перыферый – усіх перыферый, фізічных і экзістэнцыяльных – сярод якіх шмат мігрантаў і бежанцаў, абяздоленых і ахвяр гандлю людзьмі”, - сказаў Святы Айцец. Пантыфік спытаўся: “Што значыць, на вашу думку, паставіць у цэнтр найбольш уразлівых?”.
У відэароліку ватыканскай дыкастэрыі змешчаны адказы на гэта пытанне людзей з розных частак свету, а таксама сведчанне маладой мігранткі з Венесуэлы, якая разам са сваёй сям’ёй, дзякуючы дапамозе Касцёла, здолела пабудаваць новае жыццё ў Эквадоры.
Сусветны дзень мігранта і бежанца будзе адзначацца ў Каталіцкім Касцёле 25 верасня 2022 года на тэму: “Ствараць будучыню разам з мігрантамі і бежанцамі”. У пасланні з яго нагоды Папа заўважыў, што “Божая задума па сваёй сутнасці з’яўляецца інклюзіўнай”, а таксама заклікаў задумацца пра ўклад, які мігранты могуць зрабіць у будаванне будучага свету.