Пошук

Вынікі бамбардзіроўкі ў Кіеве. Ілюстрацыйнае фота Вынікі бамбардзіроўкі ў Кіеве. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік з заклапочанасцю пра сітуацыю ў Эквадоры і Украіне

26 чэрвеня 2022 года, пасля малітвы Анёл Панскі, Францішак падзяліўся сваімі думкамі пра драматычныя падзеі ў свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа прызнаўся, што “з заклапочанасцю сочыць за тым, што адбываецца ў Эквадоры”. Ён выказаў сваю блізкасць да гэтага народа і заклікаў усе бакі “адмовіцца ад насілля і радыкальнай пазіцыі”. Святы Айцец нагадаў, што толькі з дапамогай дыялогу можна вярнуць мір у грамадстве, і заклікаў звярнуць асаблівую ўвагу на “маргіналізаваныя групы насельніцтва і самых бедных”.

Францішак выказаў блізкасць членам сям'і сястры Луізы Дэль'Орта з манаскай кангрэгацыі Малых сясцёр Евангелля, забітай 25 чэрвеня 2022 года ў Порт-о-Прэнсе. У сталіцы Гаіці яна жыла дваццаць гадоў, прысвячаючы сябе служэнню бяздомным дзецям. “Я давяраю яе душу Богу і малюся за гаіцянскі народ, асабліва за маладых, каб у іх была больш мірная будучыня, без пакут і насілля”, - звярнуўся Папа.

Заўважыўшы на плошчы святога Пятра шмат сцягоў Украіны, Пантыфік нагадаў, што ў гэтыя дні працягваюцца бамбардзіроўкі ўкраінскіх гарадоў, вайна прыносіць смерць, разбурэнні і пакуты. “Не забывайма, калі ласка, пра гэты народ, які пакутуе ад вайны. Не забывайма пра іх у нашых душах і ў малітвах”, - звярнуўся з заклікам Францішак.
 

26 чэрвеня 2022, 12:49