Святы Айцец сустрэўся з будучымі нунцыямі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пасля прывітальнага слова арцыбіскупа Джозэфа Марына, кіраўніка навучальнай установы, які падзякаваў Папу за візіт і бацькоўскую добразычлівасць, навучэнцы Акадэміі мелі магчымасць паразмаўляць з Пантыфікам у сяброўскай атмасферы, задаючы яму розныя пытанні адносна дыпламатычнага служэння, сітуацыі ў Касцёле і свеце.
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што Папа звярнуў увагу будучых нунцыяў на “важнасць укаранёнасці ў святарскай духоўнасці”, якую неабходна ўмацоўваць малітвай, адарацыяй і слуханнем Божага слова. У якасці прыкладаў святасці для дыпламатычнага жыцця ён прапанаваў постаці святых Шарля дэ Фуко і П’ера Фаўра.
Францішак таксама звярнуў увагу на важнае значэнне “місіянерскага году”, які па яго даручэнні быў уключаны ў праграму падрыхтоўкі будучых ватыканскіх дыпламатаў. Ужо сёлета першыя чатыры выпускнікі адправяцца на місіянерскую практыку ў Бразілію, Мексіку, Філіпіны і Мадагаскар.
Святы Айцец павячэраў разам з супольнасцю Папскай касцёльнай акадэміі і перад тыя як вярнуцца ў Ватыкан прывітаў манахінь і свецкіх вернікаў, якія працуюць у гэтай навучальнай установе.