Францішак да законнікаў: клапаціцеся аб якасці супольнага жыцця
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак назваў дона Арыёнэ, 150-годдзе з дня нараджэння якога прыпадае на гэты год, “чалавекам дзеяння і сузірання”. “Дарагія браты і сёстры з Арыёнскай сям’і, быць сёння вучнямі-місіянерамі, выпраўленымі Касцёлам у шлях, гэта не проста рабіць нешта, дзейнічаць, але, перш за ўсё, мець апостальскую тоеснасць, якая пастаянна сілкуецца ў братэрскім жыцці манаскай супольнасці або сям’і”, - звярнуўся Папа да сваіх гасцей.
Пантыфік заклікаў законнікаў “клапаціцца аб якасці супольнага жыцця, стасункаў, супольнай малітвы”. “Калі сярод нас пануе холад або, што яшчэ горш, прысуды і плёткі, якое апостальства мы хочам рэалізаваць?”, - задаў рытарычнае пытанне Святы Айцец. Ён патлумачыў, што “сведчанне любові ў манаскай супольнасці і ў сям'і з'яўляецца пацвярджэннем евангельскага аб’яўлення, “выпрабаваннем агнём”.
Папа запрасіў кансэкраваных і свецкіх чальцоў Арыёнскай сям’і “кінуцца ў агонь новага часу”. Для гэтага, лічыць ён, “трэба глядзець на сённяшні свет як апосталы: з праніклівасцю, але і са спачуваннем, без страху і прадузятасці, з адвагай; глядзець на яго, як Бог, адчуваючы боль, радасці, надзеі чалавецтва”. “Мы павінны разглядаць пакуты нашага свету як прычыну нашага апостальства, а не як перашкоду”, - падкрэсліў Францішак.
“Наш час запрашае нас адкрыць для сябе новыя рубяжы, новыя формы місіі. Давайце паглядзім на Марыю, Дзеву ініцыятывы і клопату, якая хутка выходзіць з дому і выпраўляецца на вуліцу, каб пайсці дапамагчы сваёй стрыечнай сястры Альжбеце. І менавіта там, у служэнні, Марыя пацвярджае задуму Божага Провіду”, - звярнуўся Папа да духоўных сыноў і дачок святога Луіджы Арыёнэ.