Пошук

Наступствы расійскага ракетнага ўдару па гандлёвым цэнтры ў Крамянчугу Наступствы расійскага ракетнага ўдару па гандлёвым цэнтры ў Крамянчугу 

Папа: кожны дзень нашу ў сэрцы дарагую і шматпакутную Украіну

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі Папа заклікаў да міру ва Украіне і адказнасці за навакольнае асяроддзе, а таксама распавёў пра новае ватыканскае выданне.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Дарагія браты і сёстры! Кожны дзень нашу ў сэрцы дарагую і шматпакутную Украіну, якая працягвае цярпець ад варварскіх нападаў, як той, які абрынуўся на гандлёвы цэнтр у Крамянчугу. Малюся, каб гэта вар’яцкая вайна магла хутка закончыцца і зноў заклікаю нястомна трываць у малітве за мір: няхай Пан адкрые шляхі дыялогу, якіх людзі не хочуць ці не могуць знайсці! І не будзем забываць дапамагаць украінскаму насельніцтву, якое вельмі пакутуе”, - заклікаў Святы Айцец 29 чэрвеня 2022 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Францішак спаслаўся таксама на пажары, якія адбыліся ў Рыме з-за вельмі спякотнага надвор’я, і на засуху, якая наносіць сур’ёзную шкоду сельскай гаспадарцы і навакольнаму асяроддзю. Ён заклікаў прыняць усе патрэбныя меры, каб адказаць на надзвычайную сітуацыю і прадухіліць з’яўленне такіх сітуацый у будучыні.

“Усё гэта прымушае задумацца пра ахову стварэння, якая з’яўляецца нашай адказнасцю, кожнага з нас. Гэта не мода, а адказнасць: будучыня Зямлі ў нашых руках і залежыць ад нашых рашэнняў”, - дадаў Папа.

Пантыфік пракаментаваў бясплатную раздачу на плошчы святога Пятра першага нумару L’Osservatore di strada – ватыканскага выдання ў фармаце вулічнай газеты. “У гэтай газеце апошнія стануць галоўнымі дзеючымі асобамі: сапраўды, бедныя і маргіналізаваныя людзі будуць прымаць удзел у працы рэдакцыі, даваць інтэрв’ю, ілюстраваць старонкі гэтага штомесячніка, які будзе распаўсюджвацца бясплатна”, - сказаў Папа, заклікаючы вернікаў і турыстаў па-магчымасці падтрымаць новае выданне ахвяраваннямі.
 

29 чэрвеня 2022, 12:54