Папа падчас малітвы за мір пра зброю малітвы, посту і міласціны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
31 мая 2022 года Францішак узначаліў Ружанец перад статуяй Марыі Каралевы Міру ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме. Да набажэнства далучыліся санктуарыі ва ўсім свеце, таксама і тыя, што знаходзяцца ў краінах, дзе працягваюцца войны.
“О Марыя, Маці Божая і Каралева Міру, падчас пандэміі мы збіраліся вакол Цябе, каб прасіць Твайго заступніцтва. Мы прасілі падтрымаць хворых і надаць сіл медыцынскім работнікам; мы прасілі праявіць літасць да паміраючых і выцерці слёзы тым, хто пакутуе ў цішыні і адзіноце. Сёння вечарам, у канцы месяца, прысвечанага табе, мы зноў стаім перад табой, Каралева міру, просячы цябе аб цудоўным дары міру і хуткім спыненні вайны, якая на працягу многіх дзесяцігоддзяў лютуе ў розных частках свету і цяпер таксама ўвайшла на еўрапейскі кантынент”, - маліўся Пантыфік.
Ён заўважыў, што “мір – гэта не толькі вынік перамоў або следства справядлівага палітычнага пагаднення, але перш за ўсё – пасхальны дар Святога Духа”.
“Мы прысвяцілі Твайму Беззаганнаму Сэрцу народы, якія пагрузіліся ў вайну, і прасілі аб вялікім дары навяртання сэрцаў. Мы ўпэўненыя, што зброяй малітвы, посту і міласціны, а таксама дарам Тваёй ласкі могуць быць пераменены чалавечыя сэрцы і лёс усяго свету. Сёння мы ўзносім сэрцы да Цябе, Каралева Міру: заступайся за нас перад сваім Сынам, паяднай сэрцы, напоўненыя насіллем і помстай, выправі думкі аслепленых жаданнем лёгкага ўзбагачэння, няхай твой мір запануе ва ўсім свеце”, - завяршыў малітву Францішак.
У ружанцовым набажэнстве ўдзельнічалі дзеці, якія на працягу апошніх тыдняў прынялі Першую святую Камунію і канфірмацыю, скаўты, сем’і ўкраінскай супольнасці Рыма, прадстаўнікі моладзі, члены корпуса Ватыканскай жандармерыі і Папскай швейцарскай гвардыі, прадстаўнікі трох рымскіх парафій, апякункай якіх з’яўляецца Марыя Каралева Міру, а таксама супрацоўнікі Рымскай курыі.