Папа: старасць можа стаць часам для нараджэння нанова

Адкрыць нанова духоўную і культурную місію старасці, заклікаў Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі, якая 8 чэрвеня 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак прысвяціў сваю катэхезу “аднаму з самых значных пажылых людзей у Евангеллі” – юдэйскаму старэйшыне Нікадэму, які, жадаючы пазнаць вучэнне Езуса, прыйшоў да Яго патаемна ўначы. Падчас іх размовы выявілася сутнасць аб’яўлення Езуса і Яго збаўчай місіі: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае”, - нагадаў Папа.

Езус сказаў Нікадэму: каб “убачыць Божае Валадарства” трэба “нарадзіцца нанова”. Гаворка не ідзе пра тое, каб зноў прыйсці на свет, спадзеючыся, што новая рэінкарнацыя дасць магчымасць лепшага жыцця, - удакладніў Пантыфік, падкрэсліваючы, што “такое паўтарэнне не мае сэнсу, больш за тое, яно пазбавіла б усялякага значэння пражытае жыццё”. Насамрэч, гаворка ідзе пра “нараджэнне паводле Духа”, прымірэнне з Божай любоўю.

Нікадэм кепска зразумеў у чым сэнс нараджэння нанова, аргументуючы яго немагчымасць пажылым узростам, маўляў “чалавек непазбежна старэе, мара пра вечную маладосць беззваротна аддаляецца, а завяршэнне жыцця – гэта вынік усякага наражэння ў часе”, - сказаў Францішак.

“Доказы Нікадэма вельмі павучальныя для нас. Іх можна абвергнуць у святле слоў Езуса і адкрыць місію, якая належыць старасці. Насамрэч, быць пажылым – не толькі не перашкода для нараджэння нанова, пра якое кажа Езус, але належны час, каб асвяціць яго і вызваліць ад неразумення згубленай надзеі”, - запэўніў Пантыфік.

На думку Святога Айца, наша эпоха і культура культывуе міф пра вечную маладосць, адчайную апантанасць нятленнасцю цела, на дапамогу чаму прыходзяць лекі і касметыка, якія запавольваюць, хаваюць, устараняюць старасць. “Чаму старасцю пагарджаюць рознымі спосабамі? – Таму што яна нясе ў сабе неабвержна рассейвае гэты міф, які хацеў бы вярнуць нас ва ўлонне маці дзеля вечна маладога цела”, - сцвердзіў Папа, дадаючы, што фізічны дабрабыт і культываванне міфу пра вечную маладосць – гэта розныя рэчы.

“Жыццё ў смяротным целе – гэта цудоўная “незавершанасць”, уласцівая некаторым творам мастацтва, якія маюць непаўторную прыцягальнасць менавіта ў сваёй незавершанасці. Зямное жыццё – гэта “ініцыяцыя”, а не завяршэнне: мы прыходзім у свет менавіта такімі, сапраўднымі людзьмі, назаўсёды”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак зазначыў, што вера дазваляе нам “убачыць” Божае Валадарства, заўважыць знакі надзеі на спаўненне нашага прызначэння для Божай вечнасці. Гаворка ідзе пра “знакі евангельскай любові”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што старасць перадае людзям не толькі тугу па нараджэнні ў часу, але таксама любоў да пункту прызначэння. З такой перспектывы пажылы ўзрост мае выключную прыгажосць: мы накіроўваемся да Вечнага, да мэты, да Божых Нябёсаў, - дадаў Папа.

Святы Айцец зазначыў таксама, што старасць – гэта асаблівы час для вызвалення будучыні ад тэхнакратычнай ілюзіі біялагічнага і рабатызаванага выжывання, шанс для адкрыцця пяшточы Творцы. “Няхай Святы Дух дазволіць нам адкрыць нанова духоўную і культурную місію старасці, якая прымірае нас з нараджэннем нанова”, - завяршыў сваю катэхезу Пантыфік.
 

08 чэрвеня 2022, 11:34

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >