Папа: вера павінна выражацца праз мову і культуру народаў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Манаграфія сястры Рыты Мбашу Конга, выкладчыцы тэаологіі ў Папскім універсітэце Урбаніяна, прайшла 20 чэрвеня 2022 года ў Ватыкане. Версія яе кнігі на італьянскай мове пабачыла свет яшчэ напрыканцы 2020 года, а прадмову да яе тады напісаў сам Францішак.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў прэзентацыі франкамоўнага выдання, Пантыфік адзначыў, што кангалезская форма святой Імшы, прадстаўленая ў Рымскім Імшале для дыяцэзій былога Заіра (сёння Дэмакратычная Рэспубліка Конга), зацверджанага Кангрэгацыяй Божага культа 30 красавіка 1988 года, можа паслужыць “прыкладам для іншых мясцовых Касцёлаў у пошуку ўласнага літургічнага выражэння, каб давесці да даспявання плёны місійнай евангелізацыі культуры і інкультурацыі Евангелля”.
Францішак падкрэсліў, што заірскаму абраду ўласціва вернасць веры і апостальскай традыцыі, самой прыродзе каталіцкай літургіі, а таксама рэлігійнаму генію і культурнай афрыканскай і кангалезскай спадчыне.
Папа адзначыў, што гэты “інкультураваны” Рымскі Імшал з’яўляецца “плёнам шматгадовых даследаванняў, досведу працы на месцы і супрацоўніцтва паміж Апостальскай Сталіцай і Касцёлам у Конга”. “Цалкам справядліва будзе сцвярджаць, што гэты Імшал дасканала дасягнуў мэтаў, якія ставіліся перад ім. Ён насамрэч дае магчымасць кангалезцам маліцца на сваёй мове, сваім целам і душой, і выкарыстоўваючы сімвалы, блізкія ім”, - напісаў Святы Айцец, прапануючы Імшал для заірскага абраду як прыклад інкультурацыі для іншых мясцовых Касцёлаў.