Тэракт у Нігерыі: Папа моліцца аб навяртанні аслепленых насіллем
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа “глыбока засмучаны гэтым страшным нападам”, - гаворыцца ў тэксце на імя біскупа Джуда Аёдэджы Арагундадэ, пастыра дыяцэзіі, да якой належыць Ова, дзе знаходзіцца касцёл святога Францішка Ксаверыя, месца тэракту, у якім 5 чэрвеня 2022 года загінулі не менш за 23 чалавекі, у тым ліку двое дзяцей, некалькі дзясяткаў вернікаў атрымалі раненні.
Францішак пацвярджае сваю “духоўную блізкасць да ўсіх, каго закрануў гэты акт невымоўнага насілля” і “давярае душы памерлых Божай міласэрнасці”, просячы “выздараўлення і Божага суцяшэння для параненых і тых, хто знаходзіцца ў жалобе”. Папа таксама запэўнівае ў малітве “аб навяртанні аслепленых нянавісцю і насіллем, каб яны абралі шлях міру і праведнасці”. Тэлеграма, адрасаваная біскупу Онда, завяршаецца “Божым благаслаўленнем суцяшэння і сілы” і заахвочваннем да вернікаў працягваць жыць евангельскім пасланнем “з вернасцю і адвагай”.
Паўднёва-заходні штат Нігерыі, дзе адбыўся крывавы напад, дагэтуль быў адным з самых мірных раёнаў у краіне, спустошанай шматлікімі тэрактамі, асноўная адказнасць за якія ляжыць на джыхадзістах так званай Ісламскай дзяржавы правінцыі Заходняй Афрыкі (ISWAP), Бока Харам і пастухах Фулані.