Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд значных падзей, якія адбыліся ў Касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Апублікавана праграма фэсту ў Будславе, які пройдзе 1-2 ліпеня 2022 года. Урачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбудуцца пад дэвізам Каралева супакою, маліся за нас па звычайным раскладзе - са св. Імшой для пілігрымаў і начной працэсіяй у пятніцу, Імшой апоўначы і галоўнай св. Імшой у суботу. Нагадаем, зараз у касцёле адбываецца аднаўленне купальнага жывапісу і рамонт купала пасля пажару. Упершыню пасля двухгадовага перапынку ў Будслаў зноў прыйдуць арганізаваныя пешыя пілігрымкі з розных куткоў Беларусі.

Сустрэча святароў і кансэкраваных асоб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла ў сталіцы. 9 чэрвеня 2022 года ў касцёле святых Сымона і Алены сабраліся некалькі дзясяткаў святароў і сясцёр законных, якія нясуць служэнне ў парафіях Мінскай і Магілёўскай абласцей. У сустрэчы ўзялі ўдзел Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Эўхарыстыю арцыпастыр ахвяраваў у інтэнцыі ўсіх святароў архідыяцэзіі. "Мы жывем не дзеля сябе, а для Бога і Касцёла, для Езуса і для збаўлення душ людскіх", - падкрэсліў іерарх у гаміліі, дадаўшы, што Бог кліча святароў да ахвяры.

У Віцебску прайшла медыцынская канферэнцыя, якую адкрылі мясцовы ардынарый і Апостальскі нунцый. Сустрэчу на тэму Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце 9 чэрвеня 2022 года зладзілі ў чарговы раз пры ўдзеле Касцёла. Сёлетняя канферэнцыя сабрала медыкаў, прадстаўнікоў духавенства, навукоўцаў для абмеркавання пытанняў COVID-19, ВІЧ, гепатытаў, туберкулёзу. Удзельнікаў прывіталі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч і старшыня беларускай біскупскай Канферэнцыі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Найстарэйшы салезіянін у Беларусі адзначыў юбілеі манаскага жыцця і святарства. 4 чэрвеня 2022 года ў смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла кс. Здзіслава Вэдэра віншавалі з 60-годдзем святарства і 70-й гадавінай манаскага жыцця. Святую Імшу цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, таксама павіншаваць юбіляра прыбылі біскупы Аляксандр Яшэўскі і Юрый Касабуцкі, сабраты салезіяне, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, сёстры салезіянкі, дыяцэзіяльныя святары і сёстры з іншых манаскіх супольнасцяў.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафіі Магілёўшчыны. Спачатку, 4 чэрвеня 2022 года, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага сустракалі ў вёсцы Фашчаўка ў Шклоўскім раёне, дзе ён ўрачыста пасвяціў капліцу Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Назаўтра, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, іерарх наведаў парафію св. апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове. Затым – парафію Маці Божай Бялыніцкай, дзе ўдзяліў групе вернікаў сакрамэнт канфірмацыі.

Апостальскі нунцый маліўся аб міры перад копіямі цудадзейных абразоў з Марыйных санктуарыяў Беларусі. 6 чэрвеня 2022 года, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, арцыбіскуп Антэ Ёзіч узначаліў цэлебрацыю св. Імшы ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску. Прадстаўнік Папы Францішка маліўся аб спыненні войнаў і аб міры ў свеце перад копіямі цудадзейных абразоў Маці Божай, якія пілігрымуюць па Беларусі. "Маці наша, крані сэрцы палітычных лідараў, што нясуць адказнасць за пошук рашэнняў, якіх ад іх чакаюць людзі, дзеля вырашэння палітычных праблем шляхам дыялогу і справядлівасці", - звярнуўся з просьбай да Багародзіцы прадстаўнік Святога Пасаду.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

11 чэрвеня 2022, 07:40