Францішак: касцёльные структуры павінны служыць людзям
Аляксандр Панчанка - Vatican News
12 ліпеня 2022 года Пантыфік звярнуўся да іерархаў з прывітальным пасланнем з нагоды ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новай сядзібы Біскупскай рады Лацінскай Амерыкі (CELAM), якая прайшла ў Багаце, сталіцы Калумбіі.
Святы Айцец заклікаў падзякаваць Богу за паспяховае завяршэнне будаўніцтва структуры, выказваючы ўпэўненасць у тым, што гэта “матэрыяльная справа”, безумоўна, будзе карыснай для епіскапатаў у “ажыццяўленні праектаў евангелізацыі і душпастырскай фармацыі”, і нагадваючы словы псальма: “Калі Пан не збудуе дому, марна працуюць будаўнікі яго”.
Пантыфік падкрэсліў, што вуглавы камень, на якім павінна будавацца ўсялякая ініцыятыва – гэта Хрыстус. У сувязі з гэтым ён заклікаў “прасіць Уваскрослага Пана паштурхнуць і ўмацаваць нашу касцёльную місію сілай Свайго Святога Духа, каб былі гатовымі распазнаваць знакі часу і адказваць, у перспектыве веры, надзеі і любові, на патрэбы святога і вернага Божага народа”.
Папа зазначыў, што матэрыяльныя структуры Касцёла маюць сэнс выключна калі служаць нашым братам і сёстрам, “якія жывуць на самых крайніх перыферыях жыцця”. Святы Айцец папярэдзіў пра існаванне трох форм ідалапаклоніцтва, якія заўсёды пагражаюць развіццю вернага Божага народа, адзначаючы, што гэта “духоўная павярхоўнасць, прагматызм лічбаў і функцыяналізм, які прымушае з большым энтузіязмам ставіцца да дарожных карт, чым да шляху”. Пантыфік патлумачыў, што гаворка ідзе пра спакусы, якія “не церпяць таямніцы і скіраваны на эфектыўнасць“.