Францішак: спорт можа стаць мостам паміж рэлігіямі і культурамі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак скіраваў прывітанне ўдзельнікам ХІХ Міжземнаморскіх гульняў, якія праходзяць у горадзе Аран у Алжыры. У спаборніцтвах бяруць удзел больш за 3,3 тысячы атлетаў з 26-ці краін рэгіёну, у тым ліку лёгкаатлетычная каманда Athletica Vaticana. Пасланне Пантыфіка было зачытана падчас святой Імшы ў мясцовай каталіцкай катэдры.
Папа нагадаў, што спорт можа служыць мостам паміж рознымі рэлігіямі і культурамі – як ніколі патрэбным у нашыя дні, у канктэксце войнаў і насілля, у якім жывем сёння. Святы Айцец пажадаў таксама, каб Міжземнамор’е заставалася скрыжаваннем культур народам.
Пантыфік выказаў свой боль ад таго, што Міжземнае мора ператварылася ў могілкі для шматлікіх людзей, якія намагаюцца яго пераплыць ў пошуку лепшай будучыні. Ён заклікаў атлетаў і жыхароў Арана не заставацца абыякавымі да гэтай трагедыі.
Францішак зазначыў, што спорт можа быць “эфектыўнай прыладай” братэрства. “Дарагія сябры, жывіце спортам як досведам адзінства і братэрства”, - напісаў Святы Айцец, жадаючы адрасатам паслання разам здзейсніць вялікі жыццёвы забег пад матчыным позіркам Панны Марыі.