Францішак унёс змены ў кіраванне прэлатурай Opus Dei
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У Апостальскім лісце Ad charisma tuendum (Каб захаваць харызмат) Папа падкрэсліў, што сваім рашэннем ён хоча лепш дастасаваць арганізацыйную структуру Opus Dei да сведчання яе заснавальніка, святога Хасэмарыі Эскрывы дэ Балагера, і навучання Другога Ватыканскага Сабора пра персанальныя прэлатуры.
На сённяшні дзень адзінай такой структурай з’яўляецца Opus Dei, члены якой спрыяюць евангелізацыйнай дзейнасці, распаўсюджваючы “пакліканне да святасці ў свеце праз асвячэнне працы і выкананне сацыяльных і сямейных абавязкаў з дапамогай святароў, інкардынаваных у яе, і праз арганічнае супрацоўніцтва свецкіх, якія прысвячаюць сябе апостальскім справам”.
Папа нагадаў, што ў адпаведнасці з новай Апостальскай канстытуцыяй аб Рымскай курыі Praedicate Evangelium, пытанні, звязаныя з персанальнымі прэлатурамі, знаходзяцца ў кампетэнцыі Дыкастэрыі па справах духавенства. Раней імі займалася Дыкастэрыя па справах біскупаў.
У сувязі з гэтым Францішак унёс змены ў апостальскую канстытуцыю Ut sit, якой 28 лістапада 1982 года святы Ян Павел ІІ заснаваў Opus Dei. Першая змена датычыць перадачы пытанняў, звязаных з прэлатурай, у кампентэнцыю Дыкастэрыі па справах духавенства; другая прадпісвае прэлату Opus Dei штогадова скіроўваць у гэта ватыканскае ведамства справаздачу пра стан і апостальскую дзейнасць прэлатуры.
Паколькі спецыфіка Opus Dei патрабуе “формы кіравання, заснаванай больш на харызме, чым на іерархічнай уладзе”, кіраўніку прэлатуры больш не будзе надавацца біскупская годнасць, а толькі тытул прэлата, гаворыцца ў папскім motu proprio, які ўступіць у сілу 4 жніўня 2022 года.