Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: афрыканская моладзь заслугоўвае міру і развіцця

Папа скіраваў відэапасланне да жыхароў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Паўднёвага Судана, якія павінен быў наведаць з “пілігрымкай міру і прымірэння”, запланаванай на 2-7 ліпеня 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак выказаў сваё шкадаванне ў сувязі з тым, што па стане здароўя быў вымушаны адкласці “гэты так жаданы і доўгачаканы візіт”, заклікаючы не губляць надзеі на хуткую сустрэчу.

“Я хачу сказаць вам, што ў гэтыя тыдні вы ў маім сэрцы больш, чым калі-небудзь”, - падкрэсліў Папа. Ён выказаў блізкасць народам Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Паўднёвага Судана, якія доўгія гады пакутуюць ад эксплуатацыі, насілля, беднасці і ваенных канфліктаў, “пры абыякавасці і камфорце іншых”.

Святы Айцец нагадаў пра сваё жаданне зрабіць унёсак на карысць нацыянальнага прымірэння ў Паўднёвым Судане разам з Архіепіскапам Кентэрберыйскім і Мадэратарам Царквы Шатландыі, з якімі планаваў здзейсніць пілігрымку на афрыканскі кантынент.

Францішак заклікаў кангалезцаў і паўднёвасуданцаў не дазволіць скрасці ў сябе надзею. “Падумайце, вы, так дарагія мне, наколькі вы яшчэ больш каштоўныя і любімыя ў вачах Бога, які ніколі не расчароўвае тых, хто спадзяецца на Яго! На ўсіх вас, пачынаючы з палітычных лідараў, ускладзена вялікая місія: перагарнуць старонку, каб адкрыць новыя шляхі прымірэння, прабачэння, мірнага суіснавання і развіцця”, - сцвердзіў ён.

Папа падкрэсліў, што гэту місію неабходна прыняць, каб “напоўніць святлом і будучыняй” шматлікую афрыканскую моладзь, якая заслугоўвае таго, каб яе мары споўніліся і наступілі дні міру. Дзеля гэтых будучых пакаленняў “трэба скласці зброю, пераадолець крыўду, напісаць новыя старонкі братэрства”, - зазначыў Святы Айцец.

Напрыканцы свайго відэапаслання Пантыфік яшчэ раз запэўніў жыхароў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Паўднёвага Судана ў духоўнай блізкасці і ўдзяліў ім апостальскае благаслаўленне.
 

02 ліпеня 2022, 12:00