Папа: секулярызацыя – выклік для душпастырскага ўяўлення
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Адчуванне блізкасці Бога спараджае радасць у пастырскім служэнні, радасць у веры: гэту радасць не можа даць свет, яна не звязана з багаццем ці надзейнымі апорамі, не звязана з упэўненасцю ў тым, што ўсё заўсёды будзе добра і без праблем, - падкрэсліў Пантыфік падчас сустрэчы з канадскімі біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі супрацоўнікамі. Яна адбылася 28 ліпеня 2022 года ў базыліцы Нотр-Дам-дэ-Квебек.
Пантыфік запэўніў, што “хрысціянская радасць застаецца ў нашых сэрцах нават тады, калі нас мучаць цяжкія выпрабаванні і пакуты, бо мы ведаем, што не самотныя, але нас суправаджае Бог, якому не абыякавы наш лёс”. У сувязі з гэтым ён прапанаваў паразважаць: ці выражае наш Касцёл радасць Евангелля?
Святы Айцец адзначыў, што адным з важных выклікаў для хрысціянскай радасці з’яўляецца працэс секулярызацыі, які стварае ўражанне, быццам Бога больш няма на гарызонце чалавечага жыцця. Пантыфік перасцярог ад песімізму і “негатыўнага погляду” на свет, заахвочваючы мець “праніклівы позірк”, глядзець на свет вачыма Бога.
Францішак адзначыў, што “калі мы паддаемся негатыўнаму погляду і судзім павярхоўна, мы рызыкуем даваць памылковы пасыл, нібыта за крытыкай секулярызацыі стаіць наша туга па сакральным свеце, па грамадстве мінулых часоў, дзе Касцёл і яго пастыры мелі больш улады і грамадскага значэння”. “Такая перспектыва – памылковая”, - падкрэсліў ён.
Святы Айцец заахвоціў канадскае духавенства паразважаць над зменамі ў грамадстве, якія дазваляюць усвядоміць, што “ў крызісе знаходзіцца не вера, але пэўныя формы і традыцыйныя спосабы, якімі мы абвяшчаем яе”. “Таму секулярызацыя – гэта выклік нашаму душпастырскаму ўяўленню, гэта магчымасць для адбудавання духоўнага жыцця ў новых формах, а таксама для новага ладу жыцця”, - дадаў Папа.
Францішак патлумачыў, што неабходна нанава захапіцца евангелізацыяй, пошукам новых моў прапаведвання Евангелля, зменай некаторых душпастырскіх прыярытэтаў, каб перайсці да істотнага. Ён падкрэсліў, што радасць веры перадаецца праз сведчанне жыцця.
У гэтым кантэксце Папа вылучыў тры прыярытэты. Першым ён назваў знаёмства з Езусам праз абвяшчэнне сутнасці Евангелля тым, хто яшчэ не сустрэў Хрыста. Затым, гаворачы пра сведчанне жыцця, Францішак закрануў пытанне сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх з боку духавенства.
“Хачу яшчэ раз папрасіць прабачэння ва ўсіх пацярпелых. Боль і сорам, якія мы адчуваем, павінны стаць нагодай для навяртання: ніколі больш! І, з думкай пра шлях аздараўлення і прымірэння з нашымі братамі і сёстрамі з карэнных народаў, ніколі больш не дазваляйце, каб хрысціянская супольнасць апаганіла сябе ідэяй быццам існуе перавага адной культуры над іншымі і што могуць выкарыстоўвацца меры прымусу ў дачыненні да іншых”, - сказаў Святы Айцец.
Папа заклікаў будаваць сціплы, далікатны і міласэрны Касцёл, “які суправаджае працэсы, рашуча і спакойна працуе над інкультурацыяй і шануе ўсіх і кожную культурную і рэлігійную разнастайнасць”.
Трэцім прыярытэтам Францішак назваў братэрства. Ён пажадаў, каб члены Касцёла “жылі ў еднасці, ствараючы магчымасці і прастору, дзе кожны, хто набліжаецца да веры, зможа знайсці гасцінную супольнасць, здольную слухаць і весці дыялог, спрыяючы добрай якасці адносін”. Папа адзначыў, што перш за ўсё гэта павінна быць братэрства ў адносінах паміж біскупам і духавенствам, або паміж святарамі і Божым народам. Ён адзначыў, што “гэты шлях павінен уключаць спрыянне братэрскім адносінам з усімі, з кожнай сястрой і кожным братам, якіх мы сустракаем, бо прысутнасць Бога адлюстроўваецца ў кожным з іх”.