Пантыфік спачувае ў сувязі з тэрактам у ЗША
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Яго Святасць папа Францішак з глыбокім смуткам даведаўся пра бессэнсоўную страляніну, якая адбылася ў Хайлэнд-Парку, і просіць вас выказаць яго духоўную блізкасць усім, хто пацярпеў падчас гэтага нападу”, - гаворыцца ў тэлеграме, скіраванай кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам на імя кардынала Блэза Сьюпіча, арцыбіскупа Чыкага.
“Яго Святасць далучаецца да ўсяго грамадства ў малітве аб тым, каб Усемагутны Бог адарыў вечным жыццём памерлых, аздараўленнем і суцяшэннем параненых і пацярпелых. З непахіснай верай у тое, што Божая ласка здольная змяніць нават самыя цвёрдыя сэрцы, даючы магчымасць “адмовіцца ад зла і рабіць дабро”, папа Францішак моліцца, каб кожны член грамадства не прымаў гвалту ва ўсіх яго формах і паважаў жыццё на ўсіх яго этапах”, - падкрэсліваецца ў спачувальным пасланні.