Пошук

Папа падчас візіту у парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Эдмантане Папа падчас візіту у парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Эдмантане 

Францішак у Канадзе: Касцёл пакліканы быць домам прымірэння

Прымірэнне было галоўнай тэмай сустрэчы Папы з католікамі індзейскага паходжання. 25 ліпеня 2022 года ён наведаў касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Эдмантане і сустрэўся з яго парафіянамі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Касцёл павінен быць домам для ўсіх – адкрытым і інклюзіўным, сапраўднай сям’ёй Божых дзяцей, - падкрэсліў Пантыфік, звяртаючыся да вернікаў Нацыянальнай парафіі першых народаў, метысаў і інуітаў. Гэты статус эдмантанскі касцёл атрымаў у 1991 годзе. Ён таксама з’яўляецца важным асяродкаў для мігрантаў і бежанцаў.

Папа выказаў удзячнасць мясцовым вернікам за блізкасць да бедных і за гасціннасць. У той жа час ён заўважыў, што “ў Касцёле да добрага зерня прымешвацца каласоўнік”. “Менавіта з прычыны гэтага каласоўніка я хачу здзейсніць “пілігрымку пакаяння”, успамінаючы пра зло, якое спазналі карэнныя народы з боку многіх хрысціян, з болем просячы за яго прабачэння”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік засяродзіў свае думкі на важнасці прымірэння. Ён падкрэсліў, што прымірэнне, здзейсненае Хрыстом, не было “знешнім пагадненнем аб міры”, нечым “накшталт кампрамісу для задавальнення бакоў”. Яно не было таксама “мірам, што ўпаў з неба”, але паяднаннем дзвюх далёкіх рэальнасцей адна ад адной, якое Езус здзейсніў праз крыж. Такім чынам крыж стаў дрэвам жыцця.

Францішак нагадаў пра вялікі сімвалізм дрэва ў індзейскай культуры: злучанае з зямлёй каранямі, яно насычае кіслародам праз лісце і корміць нас сваімі пладамі. Таксама і на дрэве крыжа “боль ператвараецца ў любоў, смерць у жыццё, расчараванне ў надзею, пакінутасць у згуртаванасць, аддаленасць у адзінства”, - падкрэсліў Папа.

“Вось у якім напрамку трэба ісці: разам глядзець на Хрыста, на падманутую любоў, укрыжаваную за нас; глядзець на ўкрыжаванага Езуса ў многіх вучнях школ-інтэрнатаў. Калі мы хочам прымірыцца паміж сабой і ў сябе, прымірыцца з мінулым, прымірыцца са спазнаным злом і параненай памяццю, з траўматычнымі падзеямі, якія не можа аздаравіць ніякае чалавечае суцяшэнне, трэба ўздымаць позірк да ўкрыжаванага Езуса і чэрпаць мір ад Яго алтара”, - заклікаў Пантыфік.

Яшчэ адзін аспект прымірэння заключаецца ў тым, што Езус прымірыў нас у адзіным целе, якім ёсць Касцёл. “Касцёл – гэта жывое цела прымірэння”, але “гледзячы на непазбыўны боль, які многія спазналі ў гэтых месцах, у касцёльных структурах, можа адчуваць толькі гнеў і сорам”, - сказаў Францішак, дадаючы, што ўсё гэта здарылася, бо людзі паддаліся духу гэтага свету, не наследавалі логіку Бога. Святы Айцец нагадаў, што Бог ніколі “не прымушае, не душыць, не прыціскае”: Ён “любіць, вызваляе і пакідае свабоднымі”, “прапануе Сябе проста і пакорна, у нас жа заўсёды ёсць спакуса навязаць Яго і навязаць сябе ў імя Яго”.

Пантыфік пажадаў, каб Касцёл заўсёды быў месцам, дзе людзі прызнаюць адзін аднаго братамі і сёстрамі, прымаюць культуру іншага, дазваляюць, каб “містыка прабывання разам, якая вельмі падабаецца Святому Духу, спрыяла аздараўленню параненай памяці”.

ВІДЭА | Візіт у касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Эдмантане
26 ліпеня 2022, 09:13