Папа падчас сустрэчы з супольнасцю інуітаў Папа падчас сустрэчы з супольнасцю інуітаў 

Францішак завяршыў падарожжа ў Канаду сустрэчай з інуітамі

Сустрэчай з інуітамі ў горадзе Ікалуіт на поўначы Канады завяршыўся візіт Святога Айца ў гэту краіну. Яна адбылася 29 ліпеня 2022 года на тэрыторыі адной з мясцовых пачатковых школ.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак спачатку прыватна сустрэўся з некаторымі былымі вучнямі школ-інтэрнатаў, заснаваных у XIX стагоддзі канадскім урадам у рамках палітыкі асіміляцыі карэннага насельніцтва, а затым звярнуўся да моладзі і пажылых людзей.

Пантыфік падзякаваў за мужныя і шчырыя сведчанні, якія меў магчымасць пачуць, а таксама папрасіў прабачэння за “зло, якое ўчыніла нямала католікаў, зрабіўшы свой уклад у палітыку асіміляцыі”.

Папа звярнуў увагу на прыгажосць і адначасова суровасць прыроды паўночнай часткі Канады, выказваючы захапленне народам, які насяляе гэту землю. “Вы здолелі палюбіць, паважаць, бараніць і цаніць яе, перадаючы з пакалення ў пакаленне фундаментальныя каштоўнасці, такія як пашана да пажылых, сапраўднае пачуццё братэрства і клопат пра прыроднае асяроддзе”, - сказаў ён, дадаючы, што клопат пра зямлю, чалавека і гісторыю – гэта заданне маладых людзей, падтрыманых прыкладам і парадамі пажылых.

Францішак, як “старэйшы брат”, удзяліў моладзі некалькі парадаў, заклікаючы імкнуцца да высокіх ідэалаў, любіць Бога і бліжняга, ніколі не губляць надзею і крок за крокам ісці да таго, што найлепшае. “Настаўце навігатар свайго жыцця на вялікія мэты, каб вёў угару!”, - сказаў Папа.

Пантыфік заахвоціў юнакоў і дзяўчат інуітаў імкнуцца да святла, не скарацца перад цемрай, не паддавацца ілюзіям, якія пакідаюць пасля сябе адчуванне ўнутранай пустаты. Папа заклікаў маладых хрысціян змагацца за ўнутраную свабоду перад абліччам спакус. Ён заўважыў, што гаворка не ідзе пра самавольства, але пра адказнасць і здольнасць выбіраць дабро. Напрыканцы Святы Айцец заклікаў моладзь да супольнай працы, у духу хакейнай каманды.

“Імкніцеся да таго, што ўвышыні, выходзьце да святла кожны дзень, будзьце камандай! І рабіце ўсё гэта ў вашай культуры, на прыгожай мове інуктытут. Жадаю вам, каб, слухаючы старэйшых і чэрпаючы з багацця вашых традыцый і вашай свабоды, вы прынялі Евангелле, якое захоўвалася і перадавалася вашымі продкамі, і сустрэлі аблічча Інука Езуса Хрыста”, - сказаў Святы Айцец.

Пасля сустрэчы з супольнасцю інуітаў Папа адправіўся ў мясцовы аэрапорт, дзе прайшла цырымонія развітання, у якой брала ўдзел Генерал-губернатар Канады Мэры Сайман. Затым Святы Айцец вылецеў у Рым, завяршыўшы такім чынам сваё 37-е Апостальскае падарожжа, якое праходзіла з 24 па 30 ліпеня 2022 года пад дэвізам “Ісці разам”. Па вяртанні ў Вечны горад Францішак па традыцыі адразу адправіўся ў базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб даручыць Маці Божай, якая ўшаноўвацца ў абразе Salus Populi Romani, плёны сваёй "пакаяннай пілігрымкі".
 

30 ліпеня 2022, 08:48