Сустрэча з карэннымі жыхарамі Канады ў Квебеку Сустрэча з карэннымі жыхарамі Канады ў Квебеку 

Папа да канадскіх індзейцаў: адчуваю сябе часткай вашай сям’і

Апошнім этапам прабывання Папы ў Квебеку стала сустрэча з мясцовай супольнасцю карэнных народаў. Яна адбылася 29 ліпеня 2022 года ў рэзідэнцыі арцыбіскупа Квебекскага.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я прыбыў у Канаду як сябар, каб сустрэцца з вамі, каб паглядзець, паслухаць, пазнаць і зразумець як жывуць карэнныя народы гэтай краіны”, - сказаў Папа. Ён падкрэсліў, што прыбыў таксама “як брат, каб асабіста ўбачыць добрыя і дрэнныя плёны, якія члены мясцовай каталіцкай супольнасці прынеслі на працягу гадоў”.

“Я прыбыў у духу пакаяння, каб выказаць боль, які нашу ў сэрцы з-за таго зла, якое нямала католікаў прычынілі вам, падтрымліваючы прыгнятальную і несправядлівую палітыку ў адносінах да вас. Я прыбыў як пілігрым, з маімі абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, каб рабіць далейшыя крокі наперад разам з вамі і дзеля вас, каб мы маглі працягваць пошук праўды, узрастаць у прасоўванні шляхоў аздараўлення і прымірэння, ісці наперад, сеючы надзею для будучых пакаленняў карэнных і некарэнных народаў, якія жадаюць жыць разам у братэрстве, у згодзе”, - сказаў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што вернецца ў Рым з “непараўнальным скарбам”: захоўваючы ў сэрцы твары, усмешкі, словы, гісторыі, гукі, колеры і эмоцыі гэтай пілігрымкі. Ён прызнаўся, што быў глыбока крануты рэчаіснасцю карэннага насельніцтва Канады і будзе заўсёды памятаць пра яе. “Асмелюся сказаць, калі вы дазволіце, што цяпер, у пэўным сэнсе, я адчуваю сябе часткай вашай сям’і і гэта вялікі гонар для мяне”, - дадаў Папа.

Францішак нагадаў пра важнасць пачуцця супольнасці, сувязі паміж пакаленнямі і гарманічных адносін з навакольным асяроддзем, якім карэнныя народы могуць навучыць наш свет, часта вельмі індывідуалістычны.

Пантыфік даверыў індзейцаў апецы трох жанчын: святой Ганны, Найсвяцейшай Панны Марыі і святой Катэры Тэкаквіты – першай кананізаванай карэннай жыхаркі Паўночнай Амерыкі. “Гэтыя жанчыны могуць дапамагчы нам разам вярнуць і выткаць прымірэнне, якое гарантуе правы найбольш уразлівых і ўмее глядзець на гісторыю без крыўд і без забыцця”, - сказаў Папа. “Няхай яны благаслаўляюць наш супольны шлях, заступаюцца за нас і за гэту вялікую справу аздараўлення і прымірэння, так дарагую Богу", - пажадаў карэнным народам Канады Святы Айцец.

 

29 ліпеня 2022, 16:55