Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа заклікаў умацоўваць сувязі паміж католікамі і пяцідзясятнікамі

З нагоды 50-годдзя з дня заснавання Камісіі па каталіцка-пяцідзясятніцкім дыялогу Святы Айцец заклікаў да аднаўлення супольных высілкаў у абвяшчэнні Евангелля.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа скіраваў кароткае пасланне да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Камісіі, якое 8-14 ліпеня 2022 года праходзіць у Рыме пад эгідай Дыкастэрыі па спрыянні хрысціянскаму адзінству. Ён заўважыў, што на працягу апошніх 50-ці гадоў гэта структура, дзякуючы дыялогу і рэфлексіі, супольна працавала над умацаваннем “сувязяў сяброўства, салідарнасці і ўзаемнага разумення” паміж католікамі і пяцідзясятнікамі.

“Я спадзяюся, што гэты важны юбілей умацуе гэтыя сувязі і адновіць ваш запал у абвяшчэнні, як вучні-місіянеры, радасці Евангелля ў касцёльнай супольнасці і ва ўсім грамадстве. Такім чынам, даючы сведчанне малітвы Пана аб тым, “каб усе былі адно” (пар. Ян 17,21), вы зможаце дапамагчы нашым братам і сёстрам спазнаць у сваіх сэрцах і жыцці моц Божай любові, міласэрнасці і ласкі, якая перамяняе”, - напісаў Пантыфік.

Камісія па каталіцка-пяцідзясятніцкім дыялогу была створана ў 1972 годзе з мэтай садзейнічання ўзаемаразуменню і пераадоленню забабонаў паміж католікамі і пяцідзясятнікамі. Да 1996 года гэта была адзіная такога роду ініцыятыва ў сферы міжнароднага тэалагічнага дыялогу, у якой прадстаўнікі пяцідзясятніцкіх супольнасцей прымалі ўдзел разам з прадстаўнікамі іншай хрысціянскай канфесіі.

Адным з заснавальнікаў Камісіі быў паўднёваафрыканскі пастар Дэвід дзю Плэсі, які ўдзельнічаў у трэцяй сесіі Другога Ватыканскага Сабора ў якасці госця тагачаснага Сакратарыяту па хрысціянскаму адзінству і лічыцца адным з ініцыятытараў харызматычнага руху.

На працягу паўвекавой гісторыі Камісіі па дыялогу паміж гэтым самымі буйнымі ў свеце хрысціянскімі супольнасцямі, быў апублікаваны шэраг сумесных дакументаў. Тэма актуальнай фазы дыялогу: “Lex orandi, lex credendi” (лац. Закон малітвы, закон веры).

З каталіцкага боку сустрэчу ўзначальвае біскуп Джозэф Бамбэра з дыяцэзіі Скрэнтан у ЗША, а з пяцідзясятніцкага – пастар Сэсіл М. Робэк, выкладчык касцёльнай гісторыі і экуменізму ў Fuller Seminary у ЗША. Ім дапамагаюць мансеньёр Хуан Усма Гомэс з Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству і пастар Дэвід Коўл, старшыня Камісіі па пытаннях адзінства хрысціян Пяцідзясятніцкіх і харызматычных Цэркваў Паўночнай Амерыкі.
 

12 ліпеня 2022, 12:34