Папа: малюся з думкамі пра Касцёл і многаму вучуся ў людзей
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Папа распавёў падрабязнасці пра сваё штодзённае жыццё ў інтэрв’ю аргентынскаму святару, ксяндзу Гільерма Марка, свайму былому прэс-сакратару ў Буэнас-Айрэскай архідыяцэзіі. Гаворачы пра малітву, ён падкрэсліў, што моліцца так, як павінен маліцца біскуп – гэта значыць, думаючы пра статак, давераны яму. Папа прызнаўся таксама, што многаму вучыцца ад людзей.
“Маё сэрца – гэта сховішча, яно напоўнена дарамі, якія я захоўваю. Я увесь час павінен рабіць больш шырокія паліцы. Я крыху калекцыянер, у добрым сэнсе гэтага слова, не хачу згубіць нічога з таго дабра, якое атрымліваю ад людзей”, - сказаў Францішак.
Папа заўважыў, што ў Ватыкане спазнаў наколькі “мы не ўмеем кіраваць крызісамі”, але “менавіта крызісы дапамагаюць нам расці”. Важна, каб крызіс не перарастаў у канфлікт, - нагадаў Пантыфік, ставячы ў прыклад заснавальнікаў Еўрасаюза, якія на руінах Другой сусветнай вайны змаглі стварыць еднасць паміж краінамі. Адзінства большае за канфлікт, а канфлікт прымяншае нас, - сказаў Святы Айцец.
Вяртаючыся ва ўспамінах у Аргентыну, Францішак прызнаўся, што больш за ўсё сумуе па магчымасці свабодна хадзіць па вуліцах горада ці ездзіць аўтобусам, як рабіў гэта ў Буэнас-Айрэсе. Папа распавёў, што двойчы спрабаваў выйсці на шпацыр у Рыме: адзін раз у оптыку, іншы – у музыкальную краму, але ў абодвух выпадках яго “лавілі”. На пытанне пра тое, як ён пераносіць уласную старасць, Пантыфік адказаў: я смяюся з сябе і іду далей.