Папа: прашу прабачэння за злачынствы супраць карэнных народаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
25 ліпеня 2022 года Францішак прыбыў у горад Масквачыс, у 100 кіламетрах на поўдзень ад Эдмантана, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі канадскіх першых народаў, метысаў і інуітаў, і памаліўся разам з імі на мясцовых могілках. На пачатку сваёй прамовы Папа патлумачыў, чаму яго “пакаянная пілігрымка” пачалася менавіта “з гэтага сумна вядомага месца”: “Я прыехаў у вашы родныя мясціны, каб асабіста падзяліцца сваім болем, прасіць Бога аб прабачэнні, вылячэнні і прымірэнні, выказаць маю духоўную блізкасць, маліцца разам з вамі і за вас”.
Пантыфік нагадаў, што чатыры месяцы таму ў Ватыкане дэлегаты карэнных народаў падарылі яму дзве пары макасін “на знак пакут, што выпалі на долю дзяцей карэнных народаў, асабліва тых, якія, на жаль, так і не вярнуліся дамоў з школ-інтэрнатаў”. “Памяць пра гэтых дзяцей напаўняе смуткам і заклікае дзейнічаць, каб да кожнага дзіцяці адносіліся з любоўю, пашанай і павагай. Гэтыя макасіны, указваюць на шлях, якім мы хочам ісці разам. Ісці разам, маліцца разам, працаваць разам, каб цярпенні мінулага саступілі месца будучыні справядлівасці, вылячэння і прымірэння”, - сказаў ён.
Святы Айцец патлумачыў, што гэта прычына таго, чаму першы этап яго пілігрымкі праходзіць на землях, дзе са спрадвечных часоў пражываюць карэнныя народы: іх тэрыторыі захоўваюць памяць пра павагу да зямлі, падараванай Творцам, пра пачуцце сям’і і супольнасці, пра сувязі паміж пакаленнямі, пра пашану да старыкоў і клопат аб моладзі. У карэнных народаў ёсць “шмат цудоўных звычаяў і вучэнняў, у цэнтры якіх – клопат пра іншых і любоў да праўды, мужнасць і павага, сціпласць, сумленнасць і жыццёвая мудрасць”, - падкрэсліў Папа.
У той жа час Пантыфік заўважыў, што памяць аб гэтым месцы прыводзіць і да сумных момантаў, якія адгукаюцца “крыкам болю, сціснутым плачам”, што суправаджаў яго ўсе гэтыя месяцы. Пакуты і трагедыі, якія выпалі на долю многіх з прысутных, перажываюцца нанова, калі пра іх забываюць. Памятаць – гэта правільна, - падкрэсліў Папа, бо забыццё прыводзіць да абыякавасці, што з’яўляецца супрацьлегласцю любові.
“Нельга забываць, што палітыка асіміляцыі і пазбаўлення грамадзянскіх правоў, якая ўключала ў сябе сістэму школ-інтэрнатаў, была разбуральнай для жыхароў гэтых земляў”, - зазначыў Пантыфік, з жалем падкрэсліваючы, што з’яўленне тут еўрапейскіх пасяленцаў павінна было стаць цудоўнай магчымасцю “для плённай сустрэчы культур, традыцый і духоўнасці”, але па большай частцы гэтага не адбылося. Гісторыя карэнных народаў кажа пра тое, што палітыка асіміляцыі закончылася сістэматычнай маргіналізацыяй карэнных народаў, у сістэме школ-інтэрнатаў іх мовы і культуры прыніжаліся і прыгняталіся, іх дзеці пакутавалі ад фізічнага, вуснага, псіхалагічнага і духоўнага насілля; малых забіралі з дамоў, і гэта наклалі непазбыўны адбітак на адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, бабулямі, дзядулямі і ўнукамі, - дадаў Папа.
“Сёння я тут, на гэтай зямлі, якая, разам з старажытнай памяццю, захоўвае шрамы ад усё яшчэ адкрытых ран. Я тут, бо першым крокам гэтай пілігрымкі пакаяння сярод вас з’яўляецца мая просьба аб прабачэнні і жаданне ад усяго сэрца заявіць пра мой глыбокі смутак: я прашу прабачэння за тое, што, на жаль, многія хрысціяне падтрымлівалі каланізатарскі менталітэт дзяржаў, што прыгняталі карэнныя народы. Мне вельмі балюча. У прыватнасці прашу прабачэння за тое, што многія члены Касцёла і манаскіх супольнасцей супрацоўнічалі – нават праз раўнадушша – у праектах культурнага разбурэння і гвалтоўнай асіміляцыі з боку ўладаў таго часу, кульмінацыяй якіх стала сістэма школ-інтэрнатаў”, - сказаў Пантыфік.
Папа заўважыў, што нягледзячы на многія паказальныя выпадкі хрысціянскай міласэрнасці і вернасці дзецям, “агульныя наступствы палітыкі школ-інтэрнатаў былі катастрафічнымі: гэта была згубная памылка, несумяшчальная з Евангеллем Езуса Хрыста”. “Перад абліччам такога страшэннага зла Касцёл схіляе калені перад Богам і просіць прабачэння за грахі сваіх дзяцей”, - падкрэсліў Святы Айцец, дадаючы: “Я пакорна прашу прабачэння за зло, зробленае так многімі хрысціянамі супраць карэнных народаў”.
Пантыфік зазначыў, што “просьба аб прабачэнні не з’яўляецца канчатковай кропкай, а толькі першым крокам”, пры гэтым вельмі важны “сур’ёзны пошук праўды пра мінулае і дапамога ахвярам школ-інтэрнатаў, каб яны паўсталі на шлях вылячэння ад перажытых траўм”. Неабходна, каб хрысціяне і грамадства на гэтай зямлі ўсё больш узрасталі ў здольнасці прымаць і паважаць тоеснасць і досвед карэнных народаў”, - сказаў Папа, запэўніваючы, што ён і надалей будзе спрыяць блізкасці ўсіх католікаў да карэнных народаў. “Працэсы, якія павінны пранікнуць у сэрца, мая прысутнасці тут і намаганні канадскіх біскупаў сведчаць пра жаданне ісці па гэтым шляху”, - дадаў ён.
“Сёння я тут, каб успамінаць пра мінулае, смуткаваць разам з вамі, моўчкі глядзець на зямлю, маліцца на магілах”, - сцвердзіў Пантыфік, заклікаючы “перад абліччам зла маліцца Пану дабра; перад абліччам смерці ў цішыні маліцца Богу жыцця”. Ён нагадаў, што Езус Хрыстус ператварыў магілу ў месца “адраджэння і ўваскрасення, з якога пачалася гісторыя новага жыцця і ўсеагульнага прымірэння”. Для вылячэння і прымірэння недастаткова выключна нашых высілкаў – патрэбна “пакорная і моцная мудрасць Святога Духа, пяшчота Суцяшыцеля”, Які дапаможа нам ісці разам, - сказаў на заканчэнне свайго звароту Папа.