Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: працаваць разам, каб адказаць на выклік змены клімату

Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму “Устойлівасць людзей і экасістэм ва ўмовах кліматычнага стрэсу”, якая 13-14 ліпеня 2022 года праходзіць у Папскай акадэміі навук.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа звярнуў увагу на тое, што феномен змены клімату стаў надзвычайна важнай праблемай, якая больш не знаходзіцца на ўзбочыне інтарэсаў грамадства. Яна заняла цэнтральнае месца, бо “не толькі змяняе прамысловыя і сельскагаспадарчыя сістэмы, але таксама адмоўна ўплывае на ўсё чалавецтва, асабліва на самых бедных і тых, хто жыве на эканамічнай перыферыі нашага свету”.

На думку Святога Айца, сёння ёсць дзве фундаментальныя задачы: зменшыць кліматычныя рызыкі за кошт скарачэння выкідаў і дапамагчы людзям адаптавацца да кліматычных умоў, якія паступова пагаршаюцца. “Гэтыя праблемы прымушаюць нас думаць пра шматмерны падыход да абароны як людзей, так і нашай планеты”, - дадаў ён.

Пантыфік заўважыў, што хрысціянская вера робіць асаблівы ўклад у гэту сферу: згодна са Святым Пісаннем, Бог даручыў чалавеку клапаціцца пра дар стварэння і сам апякуецца ім. “Такім чынам, у святле гэтых біблійных навучанняў, клопат пра наш супольны дом, нават калі не браць пад увагу наступствы змены клімату, гэта не проста карысная справа, але таксама маральны абавязак усіх мужчын і жанчын як Божых дзяцей. Памятаючы пра гэта, кожны з нас павінен запытацца: “Якога свету мы хочам для сябе і для тых, хто прыйдзе пасля нас?”, - напісаў Папа.

Францішак нагадаў, што, жадаючы дапамагчы адказаць на гэта пытанне, ён казаў пра “экалагічнае навяртанне” (пар. Laudato si’, 216-221), якое патрабуе змены менталітэту і абавязацельства працаваць на карысць устойлівасці людзей і экасістэм, у якіх яны жывуць.

“Гэта навяртанне мае тры важныя духоўныя элементы, якія я хацеў бы прапанаваць на ваш разгляд. Першы ўключае ў сябе ўдзячнасць за поўны любові і шчодрасці дар Божага стварэння. Другі – заклікае да прызнання таго, што мы злучаны ва ўсеагульнай еднасці паміж сабой і з іншымі стварэннямі ў свеце. Трэці – вырашаць экалагічныя праблемы не паасобна, а салідарна, як супольнасць”, - сцвердзіў Пантыфік.

На думку Папы, на аснове гэтых элементаў, неабходны мужныя, сумесныя і дальнабачныя высілкі рэлігійных, палітычных, грамадскіх, культурных лідараў на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўнях, каб знайсці канкрэтныя рашэнні цяжкіх праблем, якія сустракаем, і якія становяцца больш сур’ёзнымі.

“Я маю на ўвазе, напрыклад, ролю, якую могуць сыграць найбольш развітыя краіны ў скарачэнне ўласных выкідаў і аказанні фінансавай і тэхналагічнай дапамогі, каб менш заможныя рэгіёны свету маглі ісці за іх прыкладам. Таксама важнае значэнне мае доступ да чыстай энергіі і пітной вады, падтрымка фермераў ва ўсіх свеце ў пераходзе да кліматычна ўстойлівай сельскай гаспадаркі, прыхільнасць да ўстойлівых шляхоў развіцця і сціплага ладу жыцця, накіраванага за захаванне прыродных рэсурсаў свету, а таксама забеспячэнне доступу да адукацыі і аховы здароўя для самых бедных і найбольш уразлівых слаёў насельніцтва свету”, - напісаў Францішак.

Святы Айцец нагадаў пра яшчэ дзве праблемы: знікненне біяразнастайнасці і шматлікія войны, якія вядуцца ў розных рэгіёнах свету і нясуць разам з сабой шкодныя наступствы для выжывання і дабрабыту чалавека, у тым ліку праблемы харчовай бяспекі і павелічэння забруджвання. “Гэтыя крызісы, а таксама крызіс клімату Зямлі, паказваюць, што “усё ў свеце ўзаемазвязана” (Fratelli tutti, 34) і што спрыянне доўгатэрміноваму агульнаму дабру нашай планеты з’яўляецца істотным для сапраўднага экалагічнага навяртання”, - сцвердзіў ён.

Папа заўважыў, што па вышэйзгаданых прычынах ён нядаўна ўхваліў далучэнне Святога Пасаду да Рамачнай канвенцыі ААН аб змене клімату і Парыжскай кліматычнай дамовы, з надзеяй, што “чалавецтва постіндустрыяльнага перыяду застанецца ў памяці як адно з найбольш неадказных у гісторыі, то спадзяемся, што чалавецтва пачатку XXI стагоддзя будзе ўспамінацца таму, што велікадушна прыняло на сябе сур’ёзныя абавязкі” (Lautato si’, 165).

“Дарагія браты і сёстры, я рады, што ваша праца ў гэтыя дні прысвечаны вывучэнню ўплыву змен у нашым клімаце і пошуку практычных рашэнняў, якія можна аператыўна рэалізаваць, каб умацаваць устойлівасць людзей і экасістэм”, - падкрэсліў Пантыфік, дадаючы, што “працуючы разам, людзі добрай волі могуць вырашаць маштабныя і складаныя праблемы, якія стаяць перад намі, абараніць чалавечую сям’ю і Божы дар стварэння ад экстрэмальных кліматычных з’яў і спрыяць дабру справядлівасці і міру”, - завяршыў сваёй пасланне Францішак.
 

13 ліпеня 2022, 12:42