Святы Айцец да спартсменаў: свет патрабуе паслання міру
Аляксандр Панчанка - Vatican News
4 ліпеня 2022 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва Еўрапейскай лігі плавання. Нагодай для сустрэчы стала падрыхтоўка да Чэмпіянату Еўропы па плаванні, запланаванага на жнівень 2022 года ў Рыме. Францішак выказаў сваю радасць у сувязі з тым, што Вечны горад зноў пачне прымаць міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы, а таксама з радасцю прыняў просьбу сваіх гасцей скіраваць спецыяльнае пасланне да ўдзельнікаў Чэмпіянату.
Зачытваючы свой зварот да атлетаў, Папа адзначыў, што “кожная вялікая спартыўная падзея – гэта знак надзеі на лепшы свет”. “У прыватнасці, гэта адпавядае пакліканню Рыма, усяленскага горада, адкрытага на свет, адкуль Касцёл распаўсюджвае паўсюль Евангелле братэрства”, - дадаў ён.
“Я думаю, што вы, таксама як і я, засмучаны тым, што гэта спартыўнае свята абцяжарана ценем вайны ва Украіне. Але я б хацеў, каб яно стала нагодай для яшчэ мацнейшай дэманстрацыі нашай прыхільнасці да свету без войнаў, без нянавісці паміж народамі, без ядзернай пагрозы”, - падкрэсліў Францішак.
Святы Айцец пажадаў усім удзельнікам Чэмпіянату Еўропы па плаванні перажыць гэту падзею як момант свята і братэрства, у спакойнай атмасферы, якая дапаможа кожнаму праявіць свае найлепшыя якасці, а таксама ўдзяліў ім сваё благаслаўленне.