Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа заклікаў законнікаў да братэрства і выказаў блізкасць Украіне

Мець нулявую талерантнасць да злоўжыванняў і не забываць пра трагедыю Украіны, якая перажывае сапраўднае мучаніцтва, - заклікаў 14 ліпеня 2022 года Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак правёў аўдыенцыю для ўдзельнікаў генеральных капітулаў трох манаскіх супольнасцей: Ордэна рэгулярных клерыкаў Маці Божай, Ордэна Базыльянаў святога Язафата і Кангрэгацыі місій. На самым пачатку сустрэчы, Папа з гумарам заўважыў, што для таго, каб прыняць законнікаў, ён перарваў свой ліпеньскі “пост” – перыяд адпачынку, на працягу якога звычайна не праводзяцца аўдыенцыі.

Святы Айцец асаблівым чынам звярнуўся да ўкраінскіх базыльянаў. “Я хачу сказаць вам, што я блізкі да вас, увесь Касцёл блізкі, увесь. Я вельмі часта думаю, што адна з самых вялікіх небяспекаў цяпер – гэта забыць пра трагедыю Украіны”, - сказаў ён, з жалем дадаючы, што людзі паступова прызвычайваюцца да вайны і яна знікае з першых палос СМІ. Папа заклікаў не адводзіць вачэй ад Украіны, бо сёння яна перажывае мучаніцтва, а таксама пажадаў, каб Пан адарыў украінскі народ літасцю і дарам міру.

Пантыфік таксама звярнуў увагу на іншую надзвычайную сітуацыю, якая тычыцца злоўжыванняў у Касцёле. Ён нагадаў, што святар павінен несці людзям Езуса, а таксама заклікаў прытрымлівацца прынцыпу “нулявой талерантнасці” ў адносінах да злоўжыванняў, не баяцца выкрываць гэтыя злачынствы і не затойваць іх.

Францішак нагадаў, што капітул – гэта момант супольнага распазнання, удзельнікі якога з дапамогай Святога Духа імкнуцца ўбачыць ці з’яўляюцца – і ў якой ступені – вернымі сваім харызматам, да чаго Святы Дух кліча іх і што просіць змяніць. Гаворка ідзе пра адзін з “самых цудоўных” і найбольш “касцёльных” досведаў: “сабрацца разам у слуханні Духа, прадстаўляючы Яму канкрэтныя сітуацыі, пытанні і праблемы”.

Папа нагадаў, што самым важным крытэрыем пры здзяйсненні распазнання павінна быць евангелізацыя: важна задумацца пра тое ці з’яўляцца інтэрпрэтацыя і рэалізацыя харызмату супольнасці “евангелізацыйнай”, ці скіраваны “змест, інструменты і лад жыцця” на “сведчанне і абвяшчэнне Евангелля”.

Францішак заклікаў законнікаў не занурацца ў абмеркаванне абстрактных тэорый, а вучыцца ад святых, углядаючыся ў прыклад сваіх заснавальнікаў: святога Джавані Леанардзі, святога Язафата Кунцэвіча і святога Вінцэнта дэ Поля. “Сведчанне святых пацвярджае, што “трэба заўсёды клапаціцца пра ўнутраную прастору, якая надае сэнс хрысціянскай дзейнасці і актыўнасці. Без доўгіх хвілін адарацыі, малітоўнай сустрэчы са словам заданні лёгка губляюць свой сэнс, а мы адчуваем слабасць з прычыны стомы і цяжкасцяў, і імпэт гасне” (Evangelii gaudium, 262), - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што законнікі пакліканы евангелізаваць не толькі ў адзіночку, але таксама супольна: праз братэрскае жыццё, а для гэтага патрэбна штодзённае навяртанне, гатоўнасць да крытычнага погляду на сябе, пазбяганне празмернай суровасці, паблажлівасці і пляткарства, а таксама імкненне да пакоры і сардэчнай прастаты, аб якіх трэба прасіць Пана. “Гэта галоўны шлях, каб паказаць прыналежнасць да Хрыста, бо Ён сам запэўніў сваіх: “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13,35)”, - нагадаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што ў “горне адносін, загартоўвацца наша сэрца і, дзякуючы намаганням кожнага, можа набыць форму цудоўнае братэрскае сведчанне”. Гаворка ідзе пра “свабоднае братэрства, са смакам разнастайнасці і ў пошуку ўсё больш евангелізацыйнай гармоніі”, “як у аркестры са мноствам інструментаў, дзе важны не цудоўныя таленты салістаў, але здольнасць кожнага слухаць усіх іншых, каб ствараць найбольш магчымую гармонію”.

Святы Айцец дадаў, што такое братэрства з’яўляецца крыніцай радасці: не фармальнай, са штучнымі ўсмешкамі, але сапраўднай – “радасці быцця Хрыстовымі і быцця разам, з нашымі абмежаваннямі і нашымі грахамі”, “радасці быцця прабачанымі Богам і дзялення гэтым прабачэннем з братамі”.

“Гэту радасць немагчыма схаваць, яна праяўляецца! І яна заразная. Гэта радасць святых, якія, калі і з’яўляюцца заснавальнікамі, але не ад нараджэння. Заснавальнікамі не нараджаюцца! Імі становяцца праз прывабліванне, у падвойным сэнсе: спачатку Хрыстус прыцягвае гэтага мужчыну ці гэту жанчыну да Сябе; і такім чынам робіць іх здольнымі прыцягваць іншых да Яго. Падкрэслім гэтае “да Яго”: святы не прыцягвае да сябе, але заўсёды да Пана. Таму патрэбны пакора, сардэчная прастата і радасць. Гэта шлях евангелізацыйнага братэрства”- запэўніў законнікаў Францішак.

14 ліпеня 2022, 12:12
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930