Пошук

Папа Францішак і кардынал Клаўдыў Хумэс Папа Францішак і кардынал Клаўдыў Хумэс 

Папа: захоўваю ў сэрцы словы, сказаныя мне кардыналам Хумэсам

4 ліпеня 2022 года ва ўзросце 87-гадоў адышоў у вечнасць кардынал Клаўдыў Хумэс. Папа з глыбокім смуткам даведаўся пра смерць іерарха, запэўніваючы ў малітве аб вечным супакоі для яго.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец скіраваў спачувальную тэлеграму на імя кардынала Адзіла Пэдра Шэрэра, наступніка кардынала Хумэса на пасадзе пастыра архідыяцэзіі Сан-Паўлу ў Бразіліі.

Францішак напісаў, што ўзносіць “малітвы ўдзячнасці Богу за доўгія гады яго адданага і руплівага служэння – заўсёды заснаванага на евангельскіх каштоўнасцях – святой Маці Касцёлу на розных пастырскіх пасадах, якія былі даручаны яму, як у Бразіліі, так і ў Рымскай курыі, а таксама за клопат пра Касцёл у Амазоніі ў апошнія гады”. “Я заўсёды захоўваю ў маёй памяці словы, якія дом Клаўдыў сказаў мне 13 сакавіка 2013 года, просячы на забываць пра бедных”, - падкрэсліў Папа.

Аўры Альфонса Хумэс нарадзіўся ў 1934 годзе ў горадзе Монтэнэгру ў Бразіліі. Імя Клаўдыў ён узяў калі ўступіў у Ордэн Меншых Братоў. Вучыўся ў Папскім універсітэце Антаніянум у Рыме і Экуменічным інстытуце Босэ ў Швейцарыі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1958 годзе. З 1972 па 1975 года кіраваў францішканскай правінцыяй Рыу-Грандэ-ду-Сул.

У 1975 годзе быў прызначаны біскупам-каад’ютарам Санту-Андрэ, а напрыканцы таго ж года ўзначаліў гэту дыяцэзію, дзе на працягу амаль дваццаці гадоў служэння вызначаўся дзейнасцю на карысць правоў рабочых, падтрымкай прафсаюзнага руху, душпастырствам у свеце працы. У 1996 годзе іерарх стаў арцыбіскупам Фарталезы, а яшчэ праз два гады – арцыбіскупам-мітрапалітам Сан-Паўлу.

Падчас кансісторыя 21 лютага 2001 года Клаўдыў Хумэс, разам з Хорхэ Марыё Бэрголіа, быў уключаны ў склад Калегіі кардыналаў. У 2006 годзе Бэнэдыкт XVI прызначыў яго прэфектам Кангрэгацыі па справах духавенства, якую ён узначальваў да 2010 года.

Падчас канклаву 2013 года, менавіта кардынал Хумэс параіў цяперашняму пантыфіку выбраць імя Францішак і папрасіў яго не забываць клапаціцца пра бедных. На працягу апошніх гадоў іерарх заўмаўся пытаннямі Касцёла ў Амазоніі: узначальваў Панамазонскую касцёльную сетку і Касцёльную Канферэнцыю рэгіёна Амазонкі (CEAMA).

Пасля смерці кардынала Хумэса Калегія кардыналаў складаецца з 207 іерархаў, з якіх 116 з’яўляюцца выбаршчыкамі і 91 без права голасу на канклаве.
 

05 ліпеня 2022, 14:01